Расейскі бізнесовец выкупіў сядзібу на Гарадзеншчыне, каб адкрыць там музей шляхты


Рэстаран у былой стайні, крамка – у кузні, а ў маёнтку Чачотаў у Падароску, што ў Ваўкавыскім раёне, будзе музей шляхты.

У 2012-ым годзе расейскі бізнесовец Павел Падкарытаў выкупіў шляхецкую сядзібу ў Падароску разам з паркам на тры з паловаю гектары, заплаціўшы Ваўкавыскаму выканкаму 120 тысяч долараў. Расеец з беларускімі каранямі Павел зацікавіўся беларушчынай і нават вывучыў мову, а аб продажы маёнтку свайго часу даведаўся з артыкулу ў газеце «Наша ніва».

«Я паглядзеў на гэтае месца, яно адразу мяне зачапіла», – распавядае бізнесовец.

Зачапіцца аказалася мала: каб паўстаў музей шляхты, давялося таксама выкупіць некалькі пустых дамкоў, дзе мяркуецца аграсядзіба, а ў былой прыбудове для каваля паўстане шапік, дзе можна будзе набыць сувеніры. Будзе і рэстаран – з беларускімі стравамі, бо сам Павел лічыць сябе беларусам у вялікай ступені.

«Я не адраджаю чужое, гэта маё. Я хачу, каб Беларусь была прыгожай», – кажа мецэнат.

Цяпер у сядзібна-паркавым комплексе вядуцца актыўныя працы ў кансервацыі для аднаўлення будынку, які занесены ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як помнік архітэктуры класіцызму 18-га стагоддзя.

Павел Падкарытаў, прозвішча бабулі – Бераговіч, вядомы мецэнат беларускіх справаў ды ініцыятываў, у прыватнасці – фундатар літаратурнага конкурсу «Дэбют». Беларусь ён называе краінаю замкаў.

Стужка навінаў