Расейскі антыфашыст заявіў пра катаванні з боку ФСБ


Актывіст антыфашысцкага руху з Расеі Віктар Філінкоў, падазраваны па артыкуле «удзел у тэрарыстычнай супольнасці», распавёў праваабаронцам аб катаваннях пасля затрымання супрацоўнікамі ФСБ, піша «Медиазона».

Праваабаронцы, якія наведалі Філінкова ў СІЗА, паведамілі, што на яго целе ёсць шматлікія сляды апёкаў ад электрашоку і гематомы.

Паводле слоў актывіста, пашкоджанні яму нанеслі супрацоўнікі ФСБ, якія пасля затрымання павезлі яго ў лесапаласу і ўтрымлівалі ў машыне некалькі гадзін, патрабуючы даць прызнальныя паказанні і вывучыць іх дакладныя фармулёўкі.

Затым супрацоўнікі ФСБ запатрабавалі ад яго не адмаўляцца ад дадзеных паказанняў на судзе, пагражаючы, што пасадзяць у СІЗА «з сухотнымі хворымі». Адзінымі рэплікамі людзей у масках былі фразы «не тузайся» і «чаго ты крычыш».

Антыфашыст Віктар Філінкоў знік 24 студзеня па дарозе ў пецярбургскі аэрапорт Пулкава, адкуль ён збіраўся вылецець у Кіеў. Аказалася, што ён быў затрыманы ФСБ. 25 студзеня суд арыштаваў яго па артыкуле «удзел у тэрарыстычнай супольнасці» (частка 2. артыкула 205.4 КК РФ). У чым канкрэтна падазраюць актывіста – не ўдакладняецца.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў