Расейскі амбасадар пракаментаваў затрыманне аўтараў «Регнум»


Амбасадар РФ Аляксандр Сурыкаў выказаўся пра затрыманне ў Беларусі трох аўтараў выдання «Регнум».

«Тут ёсць дысгармонія ў пытаннях свабоды слова, але ёсць і пытанне радыкалізму, разбурэння міждзяржаўнага і братняга сяброўства», – заявіў Аляксандр Сурыкаў падчас сённяшняй прэс-канферэнцыі ў Менску.

Затрыманых дыпламат ахарактэрызаваў як «вельмі радыкальных журналістаў», якія «убіваюць кліны» паміж народамі Беларусі ды Расеі.

«Так, гэта беларускія грамадзяне, гэта працэсуальна беларуская справа, але вельмі моцна сумняемся, што гэтыя асобы – сапраўдныя патрыёты краіны, у якой жывуць і грамадзянамі якой з’яўляюцца. Таму што такія фармулёўкі, як «недадзяржава», «неданарод» не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны», – адзначыў Сурыкаў.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў справе «трэба вельмі добра разабрацца»:

«Ёсць вельмі шмат пытанняў. І тыя органы, якія гэтым займаюцца, павінныя паглядзець i, не уваходзячы ў пытанні свабоды слова, прыняць адпаведныя рашэнні».

Чытайце таксама >>> У Менску затрымалі прыхільніка «расейскага свету», які выкладаў ідэалогію ў БДУІР

Следчы камітэт расследуе крымінальныя справы ў дачыненні да трох грамадзянаў Беларусі, якія з’яўляліся аўтарамі расейскіх рэсурсаў «Регнум», «Lenta.ru» і «EADailyі», – Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі. Справы распачатыя паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні).

Следства мяркуе, што асноўным матывам іхнай супрацьпраўнай дзейнасці з’яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць. Падазраваныя змешчаныя пад варту.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў