Расейскі АМАП не пускаў беларусаў на тэрыторыю мемарыяльнага комплексу «Катынь»

video

23 жніўня беларуская дэлегацыя прыехала ў Катынскі лес (Смаленшчына), дзе знаходзіцца мемарыял, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

На акцыю прыехала каля 50 асобаў.

Напярэдадні прыезду беларусаў мясцовыя камуністы анансавалі контракцыю, а самы папулярны ў Смаленскай вобласці сайт readovka.ru паведаміў, што беларусы рыхтуюць «правакацыю».

«Запланаваная паездка – чарговая антырасейская акцыя, якая перакрэслівае савецкі перыяд у нашай гісторыі ды ставіць знак роўнасці паміж СССР і нацысцкай Германіяй, што, па сутнасці, зʼяўляецца пераглядам вынікаў Другой сусветнай вайны», – мяркуе аўтар артыкулу Плацек Запецек.

Скрыншот з сайту readovka.ru

16:45 На тэрыторыю мемарыяльнага комплексу «Катынь» не пускаюць журналістку Любоў Лунёву і аператара Алеся Сіліча. Здымачная група «Белсату» знаходзіцца каля ўваходу на тэрыторыю мемарыялу, аточаная расейскімі прваахоўнікамі.

«Тут шмат паліцыі, АМАПаўцаў і ФСБшнікаў. Нам сказалі, што хутка прыедзе начальнік, каб паразмаўляць. Чакаем… Тым часам, камуністы ўжо збіраюцца зʼязджаць», – распавяла belsat.eu журналістка Любоў Лунёва.

Расейскія праваахоўнікі «запрашалі» беларусаў праехаць у аддзяленне паліцыі, каб «паразмаўляць».

17:40 Пасля праверкі дакументаў паліцыянты вырашылі нікога не затрымліваць.

Паездку беларусаў у Катынь арганізаваў рух «За свабоду» і рух салідарнасці «Разам».


23 жніўня – Еўрапейскі дзень памяці ахвяраў сталінізму і нацызму.

Паводле некаторых гісторыкаў, кожны трэці расстраляны ў Катыні быў нарадзінцам Беларусі.

Нагадаем, што ўвесну 1940 года на падставе пастановы Палитбюро ЦК ВКП(б) працаўнікі НКУС расстралялі амаль 22 000 грамадзянаў Польшчы (у межах да 1939 года). З іх 4421 чалавек расстраляныя ў Катыні, 6311 расстраляны ў Калініне і пахаваныя ў Медным, 3820 чалавек пахаваныя ў Харкаве. Яшчэ 7305 чалавек былі расстраляныя ва Украіне і Беларусі.

У 1990 годзе прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў перадаў польскаму боку спіс з прозвішчамі 14 552 афіцэраў польскай арміі, расстраляных і пахаваных на тэрыторыі Савецкага Саюзу: у Расеі (Катынь, Калінін і Меднае) і ва Украіне (Харкаў).

У 1994 годзе Украіна перадала Польшчы спіс 3435 рэпрэсаваных – зняволеных у турмах на захадзе УССР. Пра тое, што сярод расстраляных былі і нарадзінцы Беларусі, згадваюць рэдка.

Мемарыял «Катынь» адкрылі 28 ліпеня 2000 года. Будаўніцтва мемарыяльнага комплексу фінансавала Польшча і Расея.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары