«Расейскае войска? Мы не маем часу на гэтае глупства!». Другі дзень вучэнняў на Віцебшчыне


Belsat.eu працягвае серыю рэпартажаў з ключавых населеных пунктаў ля палігонаў, дзе ўжо трэці дзень адбываюцца вучэнні «Захад-2017». 15 верасня нашыя карэспандэнты наведалі вёску Дрэтунь ля мяжы з Расеяй, а таксама даведаліся, ці прыбылі расейскія вайскоўцы на палігон пад Лепелем.

Кіламетрах у 20 ад мяжы месціцца маленькая вёска Дрэтунь – тут усяго 150 жыхароў. Да манеўраў «Захад-2017» яны ставяцца пазітыўна, часцей – абыякава. Прыкмет маштабных вучэнняў у Дрэтуні наогул няшмат. Адзіная забарона – хадзіць у лесе ля палігону, але вяскоўцы не надта прыслухоўваюцца і ўсё адно збіраюць грыбы ў ваколіцах. Час ад часу ў вёсцы з’яўляецца вайсковы або міліцэйскі патруль, а ранкам з палігону чуваць стрэлы. Праўда, і гэта не турбуе мясцовых.

«Вось вучэнні «Захад-81» былі моцныя! Ракеты, гарматы, авіяцыя – страшней за вайну! – распавядае жыхарка Дрэтуні ў гадах, – А цяпер – лухта. Страляюць, але не шмат».

“Дрэтунь – грыбная сталіца”

Пытаемся ў людзей: ці не баяцца, што пасля вучэнняў расейскія войскі застануцца ў Беларусі?

«Расейскія войскі? У нас няма часу на гэтае глупства! – адмахваецца прадавачка ў краме, – Супраць расейскіх жаўнераў я нічога не маю. І да вучэнняў цудоўна стаўлюся, у самой сын цяпер у войску».

У Дрэтуні расейскіх вайскоўцаў ніхто не бачыў. У краму з палігону ходзяць толькі беларусы, варта і патрулі – таксама беларускія. І толькі паводле сведчання пажылой спадарыні, нядаўна яна бачыла чалавека «у незразумелай форме».

Дарэчы, прыбывалі сюды войскі не праз чыгунку – станцыя ў Дрэтуні даўно зачыненая. Тутэйшы ляснічы распавёў нам, што бачыў, як на мінулым тыдні калоны вайсковых МАЗаў ехалі праз вёску ў суправаджэнні міліцэйскіх машын. Аднойчы нават выставілі ачапленне з байцоў АМАПу.

Ён жа хвалюецца толькі за тое, каб вайскоўцы не рабілі ў лесе самавольныя вырубкі. За астатняе ляснічы спакойны:

«Ну навошта расейцам заставацца? Што ім тут рабіць? – з усмешкай кажа мужчына, – Тут нічога няма, палігон разабралі, камунікацыяў няма, у нас нават з мабільнай сувяззю вялікія праблемы. Ды і дзе б яны тут жылі – у намётах хіба?»

Вяскоўцы распавядаюць, што на палігоне трэніруюцца падраздзяленні РЭБ (радыёэлектроннай барацьбы). Цяжкія ўзбраенні пад Дрэтунь, хутчэй за ўсё, не перакідваліся. Але, паводле афіцыйных дадзеных, тут прысутнічае яшчэ і авіяцыя абедзвюх дзяржаў. Расейскія Мі-24 і беларускія Мі-8 ўчора як раз «знішчылі» пад Дрэтунню варожых дыверсантаў. Мясцовыя жыхары пацьвярджаюць: яны неаднаразова бачылі над вёскай верталёты.

Мапа ў Дрэтуньскім лясгасе. Белая пляма – гэта тэрыторыя мясцовага палігону

Праходзім 5 кіламетраў па «гравійцы» і бачым дзіўны КПП: паваленае і прыкрытае імхом старое дрэва, а праз вузкую бакавую сцяжынку перакінутая тонкая бярозка. Варты ля імправізаванага шлагбауму няма, толькі праз пару хвілін з-за кустоў разняволена і не спяшаючыся выходзяць двое маладых беларускіх вайскоўцаў – патруль ваеннай камендатуры. За кустамі ў іх намёт з неабходнымі рэчамі і ежай. Начальнік патрулю распавёў: цяпер іхняя змена, а праз пару гадзін прыйдзе чарга міліцыі стаяць на КПП. Дадалі, што звычайна спыняюць грыбнікоў і «акуратна вяртаюць» на «мірную» тэрыторыю.

КПП пад Дрэтунью

«Іх там няма» пад Лепелем

Заслонава – вёска пад Лепелем, тут жа месціцца вайсковая частка – матастралкі.

«На палігоне цяпер страляюць – бывае, што нават вокны дрыжаць, – кажа спадарыня сталага веку, – Нам забаранілі ў лес па грыбы хадзіць, але людзі не слухаюцца – нядаўна дзвюх жанчын злавілі, а адна паспела збегнуць. А расейцаў мы не бачылі – здаецца, тут толькі мясцовыя».

На выхадзе з крамы сустракаем двух беларускіх «срочнікаў», у аднога з іх на плячы аўтамат. За прадуктамі яны хадзілі пад наглядам маёра. Калі жаўнеры, пачуўшы, што мы журналісты, усміхаюцца, то афіцэр адразу забараняе ім гутарыць.

«За мной! Маўчаць!», – крычыць ён.

Вайскоўцы ў краме

Усе трое пераходзяць праз дарогу і паварочваюць у лес. Ідзем па той жа сцежцы і праз метраў 500 падыходзім да кантрольна-прапускны пункту. Выглядае КПП перад стралковым палігонам больш сурёзна, чым у Дрэтуні. На варце – адразу некалькі афіцэраў.

«Та-а-кнеакрэдытаваныя спецыялісты. Пра вас ужо ўсе ведаюць. Праход забаронены, у лясы побач таксама нельга заходзіць», – кажуць яны.

Афіцэр просіць паказаць пасведчанні журналістаў і пакуль ён іх праглядае, праз КПП прапускаюць шыкоўны белы джып з таніраваным шклом. Нумары на машыне належаць Маскоўскай вобласці. Натуральна, перасекчы КПП такім чынам, не спыняючыся, змог бы толькі высокапастаўлены вайсковец або супрацоўнік ФСБ.

Машына з расейскімі нумарамі едзе на КПП

«Не, расейскіх войскаў на Лепельскім палігоне няма. Бліжэйшыя – пад Барысавам», – запэўніваюць нас шарагоўцы.

Вяртаемся да жылога сектара, але хутка заўважаем, што за намі ідуць тры вайскоўцы – тыя самыя, што стаялі на КПП. Пакуль мы гутарылі з мясцовымі жыхарамі, вайскоўцы пільна сачылі. Нарэшце, пад’ехалі два УАЗікі з АМАПаўцамі. Праверка дакументаў.

«Тут розныя дыверсанты могуць з’явіцца, – кажа амапавец, перапісваючы нашыя дадзеныя, – На палігон хадзіць забаронена. Ведайце, што вас могуць затрымаць»…

Пакуль правяраюць пашпарты, спрабуем разгаварыць міліцыянтаў. Ці ёсць пад Лепелем расейскія войскі?

«Іх тут няма. Машына з расейскімі нумарамі? Я такога не бачыў».

Нас адпускаюць, але праязджаем літаральна 50 метраў: раптоўна сілавікі вяртаюцца і нас бяруць у «скрыначку»: блакуюць ажно чатыры машыны міліцыі і вайсковага патруля. Але гэта не затрыманне. Яны проста забыліся адразу праверыць дакументы ў нашага кіроўцы.

«Вас праводзіць?» – пытае міліцыянт, вяртаючы пашпарт.

Мы ветліва адмаўляемся.

Нашых журналістаў заблакавалі міліцыянты, ідзе праверка дакументаў

***
Сумесныя стратэгічныя манеўры «Захад-2017» працягнуцца да 20 верасня, у іх бяруць удзел 12 700 вайскоўцаў, з іх – каля 3 000 расейцы. Вучэнні адбываюцца на сямі палігонах у розных кропках Беларусі, а таксама ў Глыбокім і ля вёсцы Дрэтунь. Паводле афіцыйнай заявы Мінабароны, расейскія войскі мусяць пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасня.

 

 

Кацярына Андрэева, Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў