Расейская царква пагражае спыніць адносіны з Канстанцінопалем


14 верасня 2018 года. Пазачарговае паседжанне Святога сінода Расейскай праваслаўнай царквы. Фота – прэсавая служба РПЦ

У Маскве заяўляюць, што кіраўнік Канстанцінопальскага патрыярхату рызыкуе перастаць быць «першым сярод роўных». Кіраўнік РПЦ больш не будзе маліцца за патрыярха Варфаламея.

Сінод Расейскай праваслаўнай царквы на пазачарговым паседжанні 14 верасня вырашыў, што патрыярх Кірыл спыніць памінанне канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея ў набажэнствах. Паседжанне было склікана з-за сітуацыі з магчымым прадастаўленнем аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.

Расейская праваслаўная царква вырашыла таксама перапыніць свой удзел у біскупскіх асабмлеях, тэалагічных дыялогах, шматбаковых камісіях і іншых структурах, дзе старшынюе або сустаршынюе Канстацінопальскі патрыярхат.

«У выпадку працягу антыкананічнай дзейнасці Канстанцінопальскага патрыярхату на тэрыторыі Украінскай праваслаўнай царквы мы будзем вымушаныя цалкам разарваць эўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопальскім патрыярхатам», – заяўляе РПЦ.

Паводле РПЦ, адказнасць за трагічныя наступствы падзелу кладзецца на патрыярха Варфаламея.

«Заклікаем Прадстаяцеляў Цэркваў пранікнуцца разуменнем нашай агульнай адказнасці за лёс сусветнага праваслаўя і ініцыяваць брацкія пан-праваслаўнае абмеркаванне царкоўнай сітуацыі ўва Украіне», – падсумавалі на паседжанні сіноду.

Украінскія ўлады з 1991 года неаднаразова спрабавалі ўтварыць праваслаўную царкву, незалежную ад Масквы. Увесну Вярхоўная рада падтрымала зварот Пятра Парашэнкі да патрыярха Варфаламея з просьбай аб стварэнні аўтакефальнай праваслаўнай царквы на Украіне.

7 верасня Канстанцінопальскі патрыярхату ў межах падрыхтоўкі да прадастаўлення аўтакефаліі Праваслаўнай царкве на Украіне прызначыў сваіх экзархаў ў Кіеве. Сінод Расейскай праваслаўнай царквы назваў учынак «грубым уварваннем на тэрыторыю Маскоўскага патрыярхату».

Беларуская праваслаўная царква, якая цалкам падчыняецца РПЦ, выступіла супраць аўтакефаліі для УПЦ, і назвала дзеянні Канстантыпольскага патрыярха ўва Украіне «антыкананічнымі».

ДД

Стужка навінаў