Расейская прапаганда заяўляе, што ва Украіне рыхтуюць грыўні з выявай Гітлера


У адным з прапагандысцкіх сюжэтаў расейскага дзяржаўнага тэлеканалу «Россия-1» прадэманстравалі нібыта новы ўзор украінскай валюты.

Паводле тэлевізійных прапагандыстаў, партыя Алега Цягнібока «Свабода» распрацавала праект купюры вартасцю ў 1000 грыўняў, «якая адлюстроўвае каштоўнасці новых украінскіх элітаў». Пры гэтым прадстаўнікі тэлеканалу «Россия-1» паказалі ў сюжэце нібыта новую купюру з выявай Адольфа Гітлера.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

«Яшчэ патрэбныя купюры з выявамі Бормана, Герынга, Мюлера, Шцірліца і Оўбамы. Усяму павераць», – каментуюць інтэрнэт-карыстальнікі гэта паведамленне.

«Я сёння такой купюрай атрымаў ужо заробак», – іранізуе адзін з інтэрнаўтаў.

«А на звароце – фаршыраванае снегірамі немаўля. І мёртвыя з косамі стаяць. І цішыня…»., – прыгадвае адзін з карыстальнікаў іншыя выпадкі расейскай прапаганды.

«А на 500-ах грыўнях у нас Пуцін намаляваны. Можа яны праз гэта пакрыўдзіліся», – скаментаваў яшчэ адзін інтэрнаўт.

У поўным відэасюжэце расейскага тэлеканалу інфармацыя аб купюрах з выявай Гітлера з 19.46 хвіліны.

Гэта не першы выпадак, калі расейскія тэлеканалы хлусяць пра падзеі ва Украіне. Гэтак, «Первый канал» РФ паказаў сюжэт пра тое, што байцам украінскай Нацгвардыі нібыта абяцалі «па шматку зямлі і два рабы», чым выклікалі буру насмешак у інтэрнэце. Яшчэ раней прапагандысцкія медыі перадавалі пра ўкрыжаванага ўкраінскімі вайскоўцамі ў Славянску хлопчыка, што не знайшло ніякага пацверджання.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў