«Расейская планета»: «Беларусь і Украіну хочуць далучыць да Польшчы?»


Расейскі інфармацыйны рэсурс шукае кампрамат на «братні народ».

Інтэрнэт-рэсурс «Расейская планета» прааналізаваў справаздачу амерыканскага агенцтва «Stratfor», у якой эксперты робяць смелы геапалітычны прагноз на 2015-2025 гг. і апублікаваў артыкул пад гучным загалоўкам «Беларусь і Украіну хочуць далучыць да Польшчы?». Паводле выведча-аналітычнай кампаніі Расею чакае распад, а Польшча, Румыніі і Вугоршчына будуць спрабаваць навязаць больш цесную супрацу з Украінай і Беларуссю.

«Расейская планета» угледзела ў справаздачы крамолу.

«Эксперты са Штатаў канстатуюць пачатак адыходу РБ ад Расеі. З гэтым цяжка не пагадзіцца, бо фактычнае непрызнанне расейскага Крыму, падтрыманне «майданаўскага» кіеўскага рэжыму і адкрытыя выказванні беларускага кіраўніцтва супраць федэралізацыі Украіны – канкрэтныя сведчанні пэўных зрухаў у беларускай вонкавай палітыцы. Праўда, амерыканцы крыху спяшаюцца з прадказаннямі – ніякага пералому ў адносінах паміж РБ і РФ пакуль не адбылося», – піша «Расейская планета».

Каб умацаваць свой тэзіс пра магчымы «дрэйф Беларусі» у бок Захаду аўтар артыкулу спасылаецца на інфарматыка і малавядомага блогера з Польшчы, які прапануе польскаму і беларускаму ўраду стварыць новую Рэч Паспалітую.

Наіўную прапанову маргінальнага блогера расейскі рэсурс выдае за голас, «які ўсё грамчэй гучыць у Польшчы».

«Характэрным прыкладам падрыхтоўкі грамадскай думкі (да далучэння Беларусі да Польшчы – заўв. belsat.eu) можа служыць артыкул Яраслава Нарымунта Ражынскага

Тэкст пачынаецца з кампліментаў беларусам, «нашым братам, у чыіх жылах цячэ агульная кроў». І кампліментаў на адрас Аляксандра Лукашэнкі, чыё прызнанне постмайдаўскага рэжыму ў Кіеве і заклікі «навесці парадак на ўсходзе Украіны» польскі аўтар называе не інакш як «цудам».

Затым задаецца пытанне: а як Беларусь зможа існаваць далей, калі яна не хоча «адчуваць ціск Расеі»? Пасля кароткага, экскурсу ў гісторыю ВКЛ адказ даецца адназначны: найбольшай магутнасці абодва народы, польскі і беларускі, дасягнулі толькі ў перыяд Рэчы Паспалітай», – такім пераказам «Расейская планета» як бы ставіць кропку ў пытанні далучэння Беларусі да Польшчы.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў