Расейская мова на «Белсаце»: хто будзе рабіць праграму, вакол якой разгарэўся скандал?


У панядзелак, 5 чэрвеня, у эфір «Белсату» выйдзе новая праграма «Вот так». Што нам пакажуць?

Новая праграма будзе выходзіць ад панядзелка да пятніцы а 20:30 на расейскай мове. Яна будзе распавядаць пра тое, як жывецца ў былых савецкіх рэспубліках. У большасці гэтых краінаў людзі глядзяць федэральныя расейскія каналы і маюць скажоны вобраз таго, што адбываецца ў суседзяў.

Спадарожнік «Белсату» дасяжны ў Расеі, на Каўказе, ва Украіне і Крыме, нават на захадзе Казахстану. Наш тэлеканал будзе трансляваць альтэрнатыўны погляд на гэтыя падзеі, які не заўсёды супадае і з тым, што паказваюць незалежныя расейскія СМІ. Бо апошнія ў вялікай ступені распавядаюць пра краіны былога СССР праз «расейскую прызму».

«Калі я жыў у Казахстане, то ўспрымаў Беларусь, як прыдатак Расеі. Толькі калі пераехаў у Польшчу, дзе сустрэў беларусаў і ўкраінцаў, зразумеў, што гэта зусім іншыя людзі, іншыя народы, розныя па менталітэце, адрозненні проста велізарныя!», – гаворыць Ігар Віняўскі, журналіст з Казахстану, які атрымаў прытулак у Польшчы. На радзіме яго цкавалі за прафесійную дзейнасць, ён знаходзіўся пад следствам. Ігар будзе адным з двух аўтараў «Вот так».

Глядзіце таксама:

«Калі беларускія патрыёты хочуць, каб Беларусь успрымалі, як незалежную дзяржаву, жыхарам постсавецкага рэгіёну трэба казаць пра гэта па-расейску», – лічыць наш новы калега. Паводле яго, шмат якія беларускія падзеі застаюцца па-за ўвагаю СМІ ў постсавецкіх краінах. Узяць хаця б мітынгі «дармаедаў».

Яшчэ адна аўтарка праграмы – Маша Макарава, журналістка са Смаленску, якая доўгі час працавала ў расейскай рэдакцыі Польскага радыё. У Польшчы яна ўзначальвае таварыства «За вольную Расею».

Паводле Машы, каб беларускую апазіцыю пачулі за межамі Беларусі, патрэбная расейская мова. «Расейцы ўспрымаюць Беларусь, як частку Расеі, а Лукашэнку – як апору стабільнасці», – гаворыць яна.

Яшчэ Маша лічыць, што ў свядомасці гледачоў на постсавецкай прасторы важна раздзяліць паняцці «Расея» і «Крэмль». Паводле яе, далёка не ўсе расейцы падтрымліваюць ініцыятывы расейскага кіраўніцтва, і гэта важна ведаць жыхарам краінаў, якія баяцца агрэсіі з боку Крамля. Яна хоча абвергнуць стэрэатып, што расейцы – пасіўныя людзі, якія не змагаюцца за свае правы: «Гэта – выдумка расейскай прапаганды».

Адначасова з эфірнай сеткі знікне праграма міжнародных падзеяў «Свет». Ад восені гэтую нішу маюць запоўніць навіны «Бі-бі-сі», якія будуць транслявацца на «Белсаце». Перамовы паміж тэлеканаламі ўжо вядуцца.

Інга Астраўцова

Глядзі таксама
Каментары