Расейская мара пра Беларусь


Што трэба «звычайнаму Іванову»? Стабільнай працы, дабрабыту, трошачку халявы і «цара» – свойскага, зразумелага і можа нават простага, як лапаць. Усё гэта расейцы бачаць (бо вельмі хочуць убачыць) у Беларусі, якая становіцца ўсё больш папулярнаю ў якасці «краіны ПМЖ».

У Расеі ізноў неспакойна. Залатыя гады звышпрыбыткаў ад нафты скончыліся, расейскі рубель падае, дзяржава ўсё больш «закручвае гайкі» – і ў грамадстве, і ў бізнесе. А тым часам зусім пад бокам, на захадзе ёсць цудоўныя і спакойная Беларусь, якую расейскія медыі праз рэгулярныя прэс-туры апісваюць як рай на зямлі. Да таго ж, гэты рай у адрозненні ад раю заходняга, прыязны расейцам.

Беларуская ідылія

Якой пабачыць Беларусь шараговы Іваноў, калі пачне шукаць інфармацыю ў інтэрнэце? Адзін з галоўных і самых прыцягальных міфаў – прастата жыцця. Праца заўсёды ёсць. Так, плацяць няшмат, але і кошты ніжэйшыя. Ты толькі працуй, табе нават дом дадуць – паведамляе адзін з папулярных расейскіх сайтаў.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

У Расеі мяркуюць, што дзеля таго, каб атрымаць ва ўласнасць новы дома, дастаткова ўладкавацца ў калгас. У каментарах інтэрнаўты пішуць пра кепскую якасць жытла ў аграгарадках, брак нармальна аплочваемай працы ў калгасах, але ніхто іх чуць не хоча.

«Пераезд на СМЖ [сталае месца жыхарства – belsat.eu] з Масквы для мяне стаў не зменаю месца жыхарства, а зменаю ладу жыцця. Прычым, у лепшы бок. Больш за тое, я перавёз сюды сваю маці і бацькоў жонкі, не кідаць жа старых у «квітнеючай» Расеі. Шкадую толькі аб адным: ну чаму я не пераехаў сюды хаця б пару гадоў таму ці яшчэ раней?» – піша іншы інтэрнаўт.

«І мы, і мы хочам пераехаць у Беларусь, у Берасце. Увесну 2015-га года паедзем на выведку ўсёй сям’ёй і, спадзяюся, у тым жа годзе пераедзем», – піша на форуме, прысвечаным пераезду ў Беларусь жыхарка Астрахані.

Менталітэт беларусаў: тыя ж расейцы, толькі… не расейцы

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Адна з перавагаў нашай краіны ў вачох расейца – дамінаванне расейскай мовы. Часам сустракаецца і беларуская, але вялікіх праблем яна зазвычай у расейца не выклікае: «калі ўзяць якое-небудзь слова без кантэксту – то часам цяжка перакласці, але ў кантэксце заўсёды зразумелае значэнне, перакладчыкам ні разу не карыстаўся».

Новым жыхарам Беларусі таксама раяць вывучыць назву краіны ды не назваць яе па звычцы «Белоруссией», бо «жыхарам краіны, асабліва маладым, «рэжа слых».

«Агулам, спакой і стрыманасць гэта штосьці тыпу нацыянальнага крэда. Не вітаецца яркае выражэнне эмоцыяў, гучны смех, гучныя размовы па тэлефоне. Прызвычайцеся да агульнай няспешнасці і людзям, якія стаяць злева на эскалатары, замест таго, каб ісці – гэта норма. Расейцаў адразу бачна здалёк па іх актыўнай жэстыкуляцыі і гучнай размове. Адзвычайвайцеся, бо могуць выпадкова прыняць за «упоратага» або п’янага», – раіць на рэсурсе для «айцішнікаў» адзін з карыстальнікаў.

Пра дабрыню і зычлівасць беларусаў ходзяць байкі, што прымаюць анекдатычныя формы. Адзін з расейцаў распавядае гісторыю пра тое, як у Менску на вуліцы ягоная дачка разбіла каленку. У выніку сердабольныя беларусы-мінакі ледзь не зрабілі праз гэта затор на Праспекце Незалежнасці.

«Не было мяне хвіліны 3-4, але тое, што я пабачыў, уразіла мяне да глыбіні душы. Проста на бардзюры клубы сядзела мая дачка, побач жонка, і вакол чалавек 15. Дзіця ўжо з кучай цукерак, з двума забаўкамі, усё перабінтаванае і нават плакаць перастала. Як распавядала жонка, не паспеў я адыйсці, як адразу пачалі спыняцца машыны, а кіроўцы ўжо беглі да дзіцяці з аптэчкамі. Звычайныя мінакі таксама спыняліся і засыпалі дзіця цукеркамі».

Ну як тут не палюбіць гэтых міфічных беларусаў, якія з дому не выходзіць без жмені цукерак?

Замуж за беларуса!

Адзін з самых простых шляхоў замацавацца ў Беларусі – гэта ўзяць шлюб з мясцовым жыхаром. Пра патэнцыйных жонак-беларусак на адмысловых форумах пра СМЖ пішуць няшмат. Затое пішуць пра беларускіх мужчынаў – працавітых і мяккіх.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

«Беларускія мужчыны – дастаткова спакойныя, прастадушныя людзі. Дарэчы, у вас, імаверна, не ўзнікне праблемаў са справамі па дому, бо ўсё асноўнае паводле традыцыі робіць муж», – гаворыцца ў адмысловым артыкуле «Замуж у Беларусь».

Аўтар матэрыялу таксама зазначае, што беларусам удаецца ствараць моцныя сем’і праз… матрыярхат. «Беларускія мужчыны дазваляюць сабою кіраваць. Ну або добра робяць выгляд. Такі паказальныя матрыярхат вельмі распаўсюджаны і ім нікога не здзівіш. Таму парада: шукайце добрага, спакойнага хлопца».

Расейскі айцішнік на спецыялізаваным сайце «Хабрахабр» піша пра менталітэт беларусаў: «мясцовыя трошку больш маўклівыя. Ёсць штосьці ў іх ад балцкіх народаў у добрым сэнсе гэтага слова».

Беларускі рай на ўласныя вочы

[vc_single_image image=”8″ img_size=”large”]

Паводле статыстыкі, летась у Беларусь пераехалі на сталае месца жыхарства больш за 14 тыс. іншаземцаў. Большасць – гэта грамадзяне Расеі ды Украіны. Чакаецца, што сёлета гэтая лічба павялічыцца. Грамадзяне Украіны бягуць ад вайны, а расейцы – за спакойным жыццём, выкупаючы нерухомасць, кошты на якую выглядаюць вельмі прывабнымі асабліва для жыхароў Масквы і Санкт-Пецярбургу.

Аднак у выніку многія расейцы расчароўваюцца. «Якасць жыцця і нізкія кошты там кампенсуюць ніякія заробкі», – піша адзін з інтэрнаўтаў, што вярнуўся ў Расею.

«Па працы зусім глуха. Муж нядаўна ездзіў на суразмову ў адну фірму, прычым з дакладнасцю па ягоным профілі, па якім ён працаваў у Казахстане. Дык яму там адмовілі з прычыны таго, што ён не працаваў з беларускім абсталяванне», – піша на форуме адна з імігрантак.

Некаторыя, трапіўшы ў беларускі рай, ужо і не цешацца са спакойнага жыцця, якога так прагнулі: «Сястра з’ехала туды два гады таму. Не скажу, што яны ў захапленні. Пару разоў парываліся вярнуцца, ды няма куды. Нуда там жахлівая. Пенсіянерам можа і добра, але яны маладыя, прызвычаіцца не могуць (г. Баранавічы). Зарбак у мужа на нашыя грошы 15 тыс, рублёў. Бракуе ім. Выбару мэблі няма, усё нейкае шэранькае і просценькае. Медыцына не фантан. Ну і людзі там іншыя. Не прыязныя, ці што… Карацей, у апошняй размове яна сказала: ведала б усё гэта, засталася б на Сахаліне».

Падрыхтаваў Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў