Расейская мадэль прапаганды – гэта «Пажарны шланг хлусні»


Адзін з самых заўважных вынікаў гэтага тыдня – беларуская дыпламатычная нота ў бок Масквы. Расейскага дарадцу-пасланніка выклікалі на вуліцу Леніна 19, каб выказаць афіцыйны пратэст супраць непрымальных выказванняў дырэктара навуковай установы федэральнага ўзроўню Леаніда Рашэтнікава. Кіраўнік РІСД – Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў, надарваў прынцыпы супрацы Саюзу Расеі і Беларусі.

«Советская Белоруссия» піша пра інцыдэнт, як пра недарэчнасць з пенсіянерам-адстаўніком, які «загаварыўся».

Але адмыслоўцы кажуць, што справа сурʼёзная – Менск зноўку паказаў зубы ў інфармацыйнай вайне з заклятым братам. І гэтая вайна ўжо ідзе.

Расейскія медыі ставяць пад сумнеў незалежнасць Беларусі

Імя ім – легіён, бо шмат іх. Расейскія прапагандысцкія відэа-каналы распладзіліся яшчэ перад уварваннем гібрыдных войскаў у Крым і на Данбас. Тады яны крычалі пра несамастойнасць Украіны, сёння ставяць пад сумнеў яшчэ і незалежнасць Беларусі. Штодня, ад баевікоў ДНР да прафесараў. Вось, напрыклад, кандыдат гістарычных навук, адстаўны генерал СВР Рашэтнікаў.

«Якая «Беларусь – незалежная ад Масквы і Масква нам нічога дыктаваць не можа»? Былі ў нас… была такая сітуацыя. Ноўгарад, Пскоў, Цвер, Разань», – распавядае ў відэа Леанід Рашэтнікаў, дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

І гэтак далей: і Беларусь – не зусім дзяржава, і беларуская мова – не мова зусім. За падобнае распальванне нацыянальнай варожасці цяпер у беларускім следчым ізалятары сядзяць тры працаўнікі расейскага парталу «Рэгнум». Масква не спяшаецца выцягваць іх з-за кратаў, ёй хапае іншых байцоў інфармацыйнае вайны.

Паводле Вольгі Харламавай, ужо больш за паўтара года расейскія медыі і войска экспертаў, блогераў ды інтэрнэт-троляў актыўна распаўсюджваюць прыкладна такія ідэі аб беларускай непаўнавартасці.

«Беларусы бескаштоўна карыстаюцца расейскім газам, або за расейскія кошты, беларусы жывуць за кошт расейцаў», – кажа Вольга Харламава з Міжнароднага гуманітарна-эканамічнага інстытута.

Расея рыхтуе глебу для сваіх танкаў у Беларусі

Мэта інфармацыйнай вайны – дэзынфармацыя ці поўная змена карціны свету як шырокіх масаў насельніцтва – сваіх і варожых, гэтак і кіраўніцтва. Звычайна інфармацыйна-псіхалагічныя аперацыі ідуць у звязцы з палітычнымі і эканамічнымі рычагамі ўздзеяння. А часам і ваеннымі. Вучэнні расейцаў у Беларусі «Захад-2017» стануць найбуйнейшымі ў гісторыі, і Расея рыхтуе глебу для сваіх танкаў.

«Гэта робіцца дзеля падрыхтоўкі да магчымага канфлікту між Беларуссю і Расеяй, і каб падрыхтаваць па-першае, грамадства, па-другое, апарат бюракратычны, іншыя спецыяльныя службы. Гэта таксама робіцца, каб даслаць сігналы сваім хаўруснікам тут, у Беларусі», – кажа дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.

Як казаў кітайскі стратэг Сунь Цзы 15 стагоддзяў таму, найлепш скарыць чужое войска без бітвы. Гэтак было ў Крыме.

«Пажарны шланг хлусні»

Як кажа свежае даследаванне аналітычнага цэнтру «RAND Corporation», у інфармацыйнай вайне супраць суседзяў і краінаў Захаду Расея выкарыстоўвае мадэль «пажарнага шлангу хлусні» – залівае інфармацыйную прастору плынямі паўпраўды, хлусні і шчырай выдумкі, без паслядоўнасці, затое на розных мовах і з паўтарэннем тэзісаў. У выніку хлусню пачынаюць пераказваць сурʼёзныя выданні і людзі на кухнях. Адначасова інтэрнэт-тролі дыскрэдытуюць альтэрнатыву расейскай інфармацыі.

«Сёння мы можам казаць нават аб даволі эфектыўных інфармацыйных аперацыях з боку расейскіх спецслужбаў, асабліва ў заходніх медыях, якія вельмі эфектыўна падрываюць уяўленне некаторых групаў заходняга насельніцтва аб інстытутах дэмакратыі», – дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі.

Напрыклад, у Злучаных Штатах перамог найбольш сімпатычны Маскве кандыдат. У наступным годзе, тэлеканал RT – або «Раша Тудэй» – атрымае з Дзярждумы надбаўку ў 20 мільёнаў еўраў толькі на запуск франкамоўнага вяшчання – якраз пад прэзідэнцкія выбары. Як і ў Нямеччыне, у Францыі «Раша Тудэй» будзе спрыяць правым кандыдатам, гнаць тэму мігрантаў і тэрарызму. Крамлю дапаможа і прыватны тэлеканал Euronews, які атрымлівае датацыю ў 25 мільёнаў еўраў ад Еўразвязу, і праводзіць антыеўрапейскую рэдакцыйную палітыку. Што Захад можа гэтаму супрацьпаставіць? І як увогуле дзейнічаць супраць хлусні?

«Як толькі мы альбо хтосьці іншы пачынае апраўдвацца, ён аўтаматычна ставіць сябе ў слабейшую пазіцыю. Таму або прадугледжваць такога кшталту абвінавачанне і інфармацыйныя захады, і працаваць на апярэджанне, альбо даводзіць абвінавачанне, сітуацыю да абсурду», – кажа Вольга Харламава.

Каб перамагчы ў гэтай нябачнай вайне інфармацыйнае эры, трэба выяўляць і выкрываць праціўніка, ды распрацоўваць сваю інфармацыйную палітыку. Еўразвяз пакуль толькі прыняў дэкларацыю аб неабходнасці штосьці пачынаць у гэтым кірунку. А Менск застаецца ў моцных абдымках расейскага тэлебачання.

Іншыя тэмы ў праграме «ПраСвет»:

  • Якую ролю грае Беларусь у супрацьстаянні Расея – Захад?
  • Ці Адам Міцкевіч сапраўды памёр ад халеры?
  • Што супольнага паміж Масквой, Тэгеранам і Анкарой а што іх раз’ядноўвае?

Яраслаў Сцешык belsat.eu

Стужка навінаў