Расейская Instagram-мадэлька некалькі гадоў правядзе ў беларускай калоніі


Стаў вядомы прысуд, які вынеслі расейскай Instagram-мадэльцы, якую затрымалі з марыхуанай на беларуска-польскай мяжы.

«Па сукупнасці злачынстваў, шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, канчаткова абвінавачванай прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 3 гады без канфіскацыі маёмасці», – паведамляюць у прэс-службе Берасцейскага абласнога суду.

Марыю Хрэсціну затрымалі ў траўні ў памежным пункце пропуску «Варшаўскі мост». Паводле следчых, на тэрыторыі Еўразвязу яна набыла наркатычныя сродкі і намагалася правезці іх у Беларусь.

Дзяўчына везла сувеніры з падарожжа, але ў адным з іх (слоік з лісцем і насеннем для дэкарацыі) знаходзілася 1,14 грама марыхуаны. На слоіку напісана, што змесціва не прызначанае да ўжывання. Такія слоікі ў Празе знаходзяцца ў свабодным продажы.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў