Расейская база ў Беларусі: Лукашэнка здзіўлены? Крэмль яшчэ больш…


Прэс-сакратар Пуціна «не гатовы» пракаментаваць заяву кіраўніка Беларусі.

Крэмль пакуль не гатовы пракаментаваць учорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што на тэрыторыі Беларусі не будзе расейскай авіябазы. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна абмежаваўся сцвярджэннем, што сітуацыю трэба «старанна праверыць».

«Я, шчыра кажучы, пакуль не гатовы каментаваць, гэта трэба пакуль старанна праверыць, пра што ідзе гаворка. Толькі пасля гэтага нешта мы зможам сказаць», – растлумачыў Пяскоў.

Пакуль што гэта адзіны афіцыйны адказ Масквы на нечаканую заяву Лукашэнкі. У аўторак ён заявіў, што Беларусь не хоча расейскіх вайсковых баз. Таксама ён заявіў, што Беларусь для абароны агульных – сваіх і расейскіх межаў – патрабуе толькі расейскую зброю. Якую – пра гэта ён ужо казаў і прэзідэнту Пуціну і прэм’ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву. Пра паўстанне на тэрыторыі Беларусі расейскіх вайсковых баз перамоваў не вялося, – запэўніў Лукашэнка.

Між тым, яшчэ ў верасні ўрад Расеі прадставіў Пуціну праект па стварэнні вайскова-паветранай базы ў Беларусі. Пуцін падпісаў дакумент, абавязаўшы кабінет Дзмітрыя Мядзведзева падпісаць адпаведнае пагадненне з уладамі ў Менску. Да ўчорашняй заявы Лукашэнкі, Менск ніяк не каментаваў гэтую інфармацыю.

ЦГ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары