Расейскаму філосафу-анархісту Рабаву на 10 гадоў забаранілі ўезд у Беларусь


Сюжэт «Аб’ектыву» пра візіт расейскага філосафа ў Горадню

Пятра Рабава дэпартавалі з Беларусі.

Арганізатар лекцыяў філосафа ў Горадні і Баранавічах Яўген Яўгеньевіч паведаміў пра тое, што Пятру Рабаву на 10 гадоў забаранілі ўезд у Беларусь.

«Сёння пасля вызвалення Рабаў спыніў галадоўку, і мы падышлі перадаць яму ежы на платформе – да таго моманту чацвёра супрацоўнікаў (праваахоўных органаў – заўв.) ужо праважалі Рабава на цягнік да Смаленску. Калі мы спрабавалі перадаць ежу, то супрацоўнікі спрабавалі дапытаць нас, а пасля аднаго з праваабаронцаў затрымалі», – распавёў учора Яўген Яўгеньевіч.

Паводле яго, Рабава ў цягніку таксама суправаджаў супрацоўнік у цывільным.

Прыгоды Пятра Рабава ў Беларусі

Беларуская міліцыя пачала пераследаваць Рабава 9 верасня, калі ў Горадні АМАП уварваўся ў «Цэнтр гарадскога жыцця», сарваў лекцыю «Лібертарная сацыяльная думка апошняй траціны XX – пач. XXI cтст»., ды затрымаў слухачоў і самога лектара.

Міліцыя пратрымала ў Ленінскім РАУСе Горадні больш за 5 гадзінаў каля 20 асобаў, што былі на лекцыі. У затрыманых узялі адбіткі пальцаў, кожны даў тлумачэнні, чаму прысутнічаў на лекцыі. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі ім, што будзе заведзена адміністратыўная справа нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, але невядома ў якой форме слухачы лекцыі будуць фігураваць у справе, як удзельнікі ці, як сведкі.

Пазней Пётр Рабаў меўся прачытаць лекцыю ў Баранавічах, але там мясцовы суд прысудзіў філосафа да шасці содняў арышту ў ізалятары часовага ўтрымання за тое, што расеец нібыта нецэнзурна лаяўся. У судзе Рабаў абвесціў галадоўку і заявіў, што не згодны з прысудам.

НМ, belsat.eu, паводле «РБК»

Стужка навінаў