Расейскага юрыста-апазіцыянера затрымалі ў Менску


Праваабаронцу з Санкт-Пецярбургу Андрэя Федаркова затрымалі ў Менску разам з ягоным паплечнікам Іванам Салаўёвым. Сёння іх чакае суд.

Таксама быў затрыманы менскі сябра юрыстаў Яраслаў Журык, які прыйшоў іх сустракаць. Аб затрыманні даведалася ўдзельніца суполкі народных сацыялістаў «Народная воля» Юлія, якая папрасіла не называць яе прозвішча. Адвакат праваабарончага цэнтру “Русский вердикт” Андрэй Федаркоў і яго паплечнік Іван Салаўёў прыехалі ў Менск па працы 25 кастрычніка апоўдні.

«Я пазваніла Яраславу а 17.30. Ён сказаў, што іх траіх на вуліцы затрымалі міліцыянты, па ягоных словах, “ні за што” і што яны знаходзяцца ў пастарунку на вуліцы Кабушкіна. Яраслаў паспеў сказаць, што ў панядзелак адбудзецца суд а 10 гадзіне ў судзе Завадскога раёна. Пасля я пачула чыйсьці голас: “давай, заканчвай”, Яраслаў развітаўся, і сувязь з ім прапала», – узгадала Юлія падрабязнасці затрымання.

Іншых сведкаў затрымання не было. Юлія даведалася ў пастарунку, што хлопцаў затрымалі па артыкуле 17.1 за дробнае хуліганства. Зараз яны знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна.

Андрэю Федаркову 37 гадоў. Ён вядомы як апазіцыйны юрыст з Санкт-Пецярбургу, які неаднаразова бясплатна дапамагаў юрыдычна затрыманым удзельнікам апазіцыйных акцый.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў