Расейскага вайскоўца асудзілі на пажыццёвае зняволенне за забойства сям'і ў Гюмры


Суд над Валерам Пермяковым праходзіў на тэрыторыі 102-й расейскай вайсковай базы. Прысудзіць яго да максімальнага пакарання запатрабаваў пракурор, выступаючы ў спрэчках 12 жніўня.

Радавога расейскай вайсковай базы ў Арменіі прызналі вінаватым па ўсіх пунктах абвінавачання – забойстве сямі членаў сямʼі Авецісян, разбойным нападзе, спробе незаконнага перасячэння мяжы. Пакуль не разгалошваецца, дзе ён будзе адбываць пакаранне.

12 студзеня 2015 года радавы Пермякоў самавольна пакінуў службу ў варце. Пасля гэтага дэзерцір прыйшоў у дом сямʼі Авесіцян, застрэліў шэсць чалавек і смяротна параніў паўгадовае дзіця, якое памерла ў шпіталі праз тыдзень. Хлопца затрымалі расейскія памежнікі, калі спрабаваў перайсці мяжу з Турцыяй.


У жніўні 2015 года пачаўся судовы працэс. Абвінавачаны прызнаў сябе вінаватым. Тады яго асудзілі на 10 гадоў калоніі строгага рэжыму за дэзерцірства са зброяй па службе, крадзеж і незаконнае нашэнне агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў.

На адным з пасяджэнняў Пермякоў патлумачыў забойства тым, што хацеў спыніць шум, які зыходзіў ад дзяцей.

Па звестках армянскай газеты «Жахавурд», улады Арменіі і Расеі абмяркоўваюць варыянт абмену салдата на кіроўцу грузавіка, асуджанага ў РФ за ДТЗ.

ДР belsat.eu паводле tass, lenta

Стужка навінаў