Расейскага праваабаронцу Андрэя Федаркова асудзілі на трое содняў


Разам з ім трое содняў арышту атрымаў грамадзянін Расеі Іван Салаўёў і дзесяць содняў – мянчук Яраслаў Журык.

Маладых людзей затрымалі 25-га кастрычніка на прыпынку грамадскага транспарту на вуліцы Сяліцкага працаўнікі АМАПу ў цывільным. Трох мужчынаў абвінавацілі паводле артыкулаў 17.1 і 23.4 КаАП – дробнае хуліганства і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Сёння справу разглядала суддзя Завадскога раёна Анастасія Асіпчык.

У якасці сведкаў выступалі супрацоўнікі АМАПу, што затрымлівалі маладзёнаў. Яны сцвярджалі, што затрыманыя на прыпынку гучна крычалі, размахвалі рукамі, лаяліся, у той час, як вакол былі жанчыны і дзеці.

Арыштаваныя не прызнаюць сваю віну, і кажуць, што ўсе абвінавачванні абсурдныя.

Андрэй Федаркоў і Іван Салаўёў прыехалі з Санкт-Пецярбургу ў Беларусь у суботу, 25-га кастрычніка. Як самі кажуць – проста на выходныя, паглядзець краіну, у якой былі ўпершыню. Недзе пасля абеду яны стаялі разам з беларускім сябрам Яраславам Журыкам на прыпынку.

«І тут пад’ехаў фіялетавы мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. З яго выбеглі людзі ў цывільным, падбяжалі да нас, пачалі хапаць, заломваць рукі, а калі апранулі кайданы, зацягнулі ў аўтобус», – распавёў Іван Салаўёў.

‘Затрыманых дапытвалі ў Завадскім РАУСе, пасля чаго каля 12 ўначы адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Там яны прабылі да раніцы панядзелка.

Андрэй Федаркоў і Іван Салаўёў сцвярджаюць, што ў РАУСе людзі ў цывільным, якія не назваліся, распытвалі іх пра Украіну: калі апошні раз там былі, якое дачыненне маюць да ваенных падзей ва Украіне, як ставяцца да палітыкі Пуціна ва Украіне.

Андрэй і Іван не разумеюць, чаму ім задавалі такія пытанні. Абодва былі апошні раз ва Ўкраіне яшчэ летась, нават да Майдану.

Іван Салаўёў кажа, што не чакаў такога, і што больш у Беларусь не паедзе: «У нас ідзе прапаганда, што ў Беларусі ўсё добра ў параўнанні з Расеяй. А тут вось як – прыехалі турысты – і на, атрымай, мордай у падлогу. Колькі краінаў праехаў, а такога нідзе не бачыў. Я глядзеў фільм «Жыве Беларусь», мне казалі, пужалі мяне, а я не верыў, што тут так. Дагэтуль не хачу верыць. Але бачу, што тут беззаконне поўнае. Асабліва крыўдна з-за таго,што мы ж – брацкія народы».

Івана ўдома ў Санкт-Пецярбургу чакаюць цяжарная жонка і 10-месячная дачка.

Жонка Андрэя Федаркова паходзіць з Беларусі, з Мазыра. Іван працуе інжынерам. Андрэй – адвакат праваабарончага цэнтру «Рускі вердыкт», які неаднаразова аказваў юрыдычную дапамогу расейскім апазіцыйным актывістам.

Маладыя людзі будуць абскарджваць прысуд.

Алена Краўчанка, belsat.eu

Стужка навінаў