Расейскага мільярдэра адправілі пад хатні арышт


Кіраўніка холдынгу АФК «Система» Уладзіміра Еўтушэнкава абвінавачваюць у адмыванні грошай. Мільярдэр праходзіць па г. зв. справе «Башнафта», паведаміў прадстаўнік Следчага камітэта Расеі Уладзімір Маркін.

Па афіцыйнай версіі следства Еўтушэнкаў абвінавачваецца ў крадзяжы акцый паліўна-энергетычных прадпрыемстваў Башкартастану. У ліпені прадстаўнік холдынгу  АФК «Система» заявіў, што ніякага дачынення да крадзяжу акцый «Башнафты» кампанія не мае.

АФК «Система» з’яўляецца фінансава-прамысловай групай, якая валодае актывамі кампаній у галіне тэлекамунікацый (МТС), паліўна-энергетычным комплексе («Башнафта»), медыцынскіх паслугах ды іншых. Больш за 64% акцый АФК «Система» належыць Уладзімірам Еўтушэнкаву. Падазраваны ўваходзіць у топ-20 самых багатых людзей Расеі. Яго маёнтак ацэньваецца ў $ 9 млрд.

У сваю чаргу экс-кіраўнік «Башнафты» Урал Рахімаў, які праходзіць па той жа справе, абвешчаны ў міжнародны вышук, – паведамляе «Интэрфакс», спасылаючыся на ананімную крыніцу.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў