Расейскага мастака Паўленскага аштрафавалі за падпал дзвярэй ФСБ і вызвалілі


Мяшчанскі суд Масквы прызнаў мастака Пятра Паўленскага вінаватым у пашкоджанні абʼекту культурнай спадчыны – дзвярэй будынку, у якім некалі месціліся НКВД і КДБ.

У лістападзе Паўленскага затрымалі за падпал дзвярэй у будынку расейскіх спецслужбаў на Лубянцы. Эксперты прыйшлі да высновы, што падпалены будынак уяўляе каштоўнасць не толькі як частка ансамблю XIX – пачатку XX стагоддзяў, але і як месца, дзе «ўтрымліваліся пад арыштам выбітныя дзеячы мастацтва і культуры, военачальнікі, палітычныя дзеячы».

Сёння, 8-га чэрвеня, Мяшчанскі суд Масквы прысудзіў яго да штрафу ў Rur 500 тыс. (каля $ 7,7 тыс.) ды вызваліў з-пад варты ў зале суда. Адзначаецца, што пракурор прасіў пакараць Паўленскага штрафам у памеры Rur 1,5 млн (каля $ 23 тыс.) Аднак суд улічыў час, праведзены Паўленскім у следчым ізалятары, і знізіў суму штрафу.

Мастак Пётр Паўленскі пасля вызвалення з-за кратаў заявіў, што не будзе плаціць штрафу, прызначанага судом за падпал дзвярэй будынку ФСБ на Лубянцы, паведамляе РИА «Новости». «Вядома, не буду, а то атрымаецца, што я правёў акцыю «Пагроза» ў пазыку, нібыта я яе купіў у ФСБ. Нават калі б у мяне былі такія грошы, я не стаў бы плаціць штраф», – сказаў мастак.

Пётр Паўленскі – расейскі мастак-акцыяніст. Вядомы сваймі акцыямі палітычнай скіраванасці, якія выклікалі шырокі грамадскі розгалас і сталі падставаю для прызначэння яму судова-псіхіятрычных экспертыз.

У 2012 годзе Паўленскі дзеля падтрымання панк-гурта «Pussy Riot» зашыў вусны ніткаю. У 2013 годзе на Краснай плошчы мастак прыбіў сваю машонку цвіком да каменнай бруку.

МЯ, паводле gazeta.ru, ria.ru. Фота Reuters/ Maxim Zmeyev

Стужка навінаў