Расейскае выданне EADaily апублікавала артыкул пра карысць уваходжання Беларусі ў склад РФ


У артыкуле пад загалоўкам «Уз’яднанне Расеі з Беларуссю стала б буйным нацыянальным поспехам» эксперты абгрунтоўваюць, чаму, на іх думку, уваходжанне Беларусі ў склад Расейскай Федэрацыі было б карысным для беларусаў.

«Будучы часткай велізарнай эканамічнай сістэмы, Беларусь у яе межах будзе квітнець і цешыцца аддачай ад маштабу. Будучы фарпостам на заходнім напрамку, Беларусь яшчэ і будзе атрымліваць асалоду ад выгодаў ад гэтага становішча «моста». Адбудзецца арганічная інтэграцыя вайсковай, палітычнай, кіраўніцкай і навуковай эліты, прычым выхадцы з Беларусі змогуць, на мой погляд, разлічваць на дастаткова важкія карʼеры, паколькі карыстаюцца рэпутацыяй нізкакарумпаваных кадраў», – адзначае публист Ягор Халмагораў.

Халмагораў сцвярджае, што ўзровень жыцця ў Расеі непараўнальна вышэйшы за беларускі і «нават расейская беднасць часцяком лепш за беларускі сярэдні дастатак».

«І гэта ўсё не кажучы пра галоўнае: беларусы і велікарусы – адзін народ, адна цывілізацыя, адна вера. Наш падзел абсалютна штучны. Сепаратнасць Беларусі вядзе да выдумляння фантомных ідэалогіяў тыпу «літвінізма», абсалютнага гістарычнага глупства. Наадварот, зʼяўленне Беларусі ў адной дзяржаве з Расеяй рэзка ўзмоцніць славянскае пачатак, ад чаго будзе выгада для ўсіх частак рускага народа», – лічыць публіцыст.

Палітолаг Павел Святенка лічыць, што ўваходжанне Беларусі ў склад Расеі будзе «буйным нацыянальным поспехам».

«Беларусь – вынік савецкага нацыянальнага канструявання, і калі яна не ўзʼяднаецца з Расеяй, яе можа паспрабаваць паставіць у залежнасць ад сябе Польшча, паколькі і Украіна, і Беларусь – гэта крэсы, усходнія ўскраіны сярэднявечнай польскай імперыі. Але наўрад ці беларусы жадаюць для сябе такога будучыні», – сказаў ён.

Артыкул быў напісаны як водгук на нядаўнія словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ў выпадку, калі эканамічныя праблемы вырашаны не будуць, Беларусь будзе вымушаная ўвайсці ў склад «якой-небудзь дзяржавы». Раней на гэтым тыдні публіцыст Халмагораў у газеце «Культура» апублікаваў калонку, у якой ён крытыкуе Лукашэнку за недастатковую лаяльнасць Расеі. У сваім тэксце ён адзначае, што Расея можа падтрымаць у Беларусі кагосьці больш прарасейскага.

EADaily – гэта расейскі шавіністычнай рэсурс, які прапагандуе імперскія ідэі. Сайт актыўна падтрымлівае ДНР і ЛНР, займае антыўкраінскую пазіцыю. Выданне неаднаразова публікавала матэрыялы, у якіх распавядалася пра пагрозу беларускага нацыяналізму.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў