«Расейцы за тое, каб знішчаць нейкіх міфічных «украў» са свастыкамі». Інтэрв'ю з дэпутатам Дзярждумы


Ілля Панамароў, дэпутат Дзяржаўнай Думы Расеі ў эксклюзіўным інтэрвю «Белсату» распавядае пра барацьбу кланаў у Крамлі, што прывяла да забойства Нямцова, ды пра тое, як расейцы ўспрымаюць вайну супраць Украіны.

Ілля, як вы ацэньваеце «чачэнскі след» у забойстве Нямцова?

‘Я думаю, гэта спроба замесці сляды, Кадыраў свядома бярэ на сябе віну, каб, як кажуць на мове такіх людзей, «адмазаць» свайго шэфа ад усялякіх падазрэнняў. Я думаю, ён гэта робіць паводле парадаў свайго добрага сябры Уладзіслава Суркова, які разумее, што ён таксама знаходзіцца на гэтым «Тытаніку», што ідзе на дно. Таму трэба рабіць усё магчымае, каб адвесці падазрэнне ад Крамля.

На каго гэта разлічана? Няўжо хтосьці паверыць у тое, што гэта рэальна матывам былі выказванні Нямцова ў падтрыманне «Шарлі Эбдо», а не ягоная крытыка на адрас Пуціна?

Шмат для каго, асабліва на Захадзе, гэтая версія будзе вельмі камфортная. Людзі будуць казаць: «раз знайшлі, раз самыя прызналіся, то гэта яны». Заур Дадаеў нібыта сам з гонарам прызнаўся і апісаў як ён гэта здзейсніў, заявіў, што ён і ёсць замоўцам… Але ў гэта вельмі цяжка паверыць.

«Хочаш даведацца, хто забіў Нямцова, паглядзі, каго ўзнагародзіў Пуцін». І мы бы бачым, што адна ўзнагарода «знайшла свайго героя».

Сапраўды ёсць такі змрочны жарт, але ў сітуацыі, калі Кадыраў публічна выказаў сваё падтрыманне забойцам, сказаў, што гэта ягоныя сябры, што яны сапраўдныя патрыёты Расеі, а на наступны дзень пасля гэтай заявы атрымлівае ордэн – зразумела, што гэта не можа ўспрымацца інакш, як рэальны жэст з боку Крамля. Калі б яны хацелі яго неяк асудзіць, нават старое рашэнне аб узнагароджванні можна было б прытрымаць на месяц, пакуль жарсці не суцішацца. А тое, што зроблена – дэманстрацыя таго, што Крэмль цалкам Кадырава падтрымлівае.

Вы ў сваім блогу напісалі, што забойства Нямцова – гэта толькі пачатак крывавых падзеяў. Што вы маеце на ўвазе? Хто можа быць наступным?

Той, хто рэальная планаваў гэтае забойства (хутчэй за ўсё, гэта сілавікі ў найбліжэйшым акружэнні Пуціна), мае на мэце перадзел сфераў уплыву ўнутры крамлёўскай палітыкі. Украінскі канфлікт, уварванне, якое адбылося, дало старт працэс у пераразмеркавання і маёмасці, і палітычных зонаў уплыву ў акружэнні прэзідэнта. Людзі хочуць замацаваць гэта, паставіць сябе ў цэнтр палітычнага жыцця, стаць для Пуціна больш уплывовымі і неабходнымі, важнымі чымся іншыя групы ўплыву. А вось «іншыя» без бою не здаюцца настолькі, што бяруць на сябе віну за гэтае злачынства, абы перабіць захады гэтых колаў, звязаных з ФСБ.

18 сакавіка – гадавіна «вяртання Крыму» у Расею. Вы былі адзіным дэпутатам, які ў думе галасаваў супраць. Як змянілася вашае жыццё, ці вы прытрымліваецеся тых жа поглядаў? Ці націснулі б вы ізноў гузік «супраць»?

Я б і яшчэ раз зрабіў тое, што я зрабіў, бо прычына гэтага была непазбежнасць вайны, сварка з нашым братэрскім украінскім народам, якая працягнецца не адзін год, а то і не адно дзесяцігоддзе. Гэта лінія, якая прайшла праз усе расейскія сем’і. У нас практычна няма ніводнай сям’і, у якой не было б сваякоў з украінскім паходжаннем. Гэта жахлівая трагедыя і тыя, хто яе ініцыяваў, яшчэ адкажа перад судом.

Тым не менш, 30 % расейцаў мяркуе, што Расея вядзе вайну супраць Украіны, але большасць спрабуе гэтага незаўважаць, прынамсі публічна.

Не, большасць расейцаў мяркуе, што мы ваюем не супраць Украіны, а супраць Амерыкі праз Украіну. Большасць расейцаў, чым і тлумачацца высокія рэйтынгі Пуціна, мяркуюць, што мы робім высакародную справу – абараняем нашых братоў ад марыянеткавага фашысцкага ўраду, які туды паставілі немцы, амерыканцы, якія ўласна заганяюць у рабства братэрскі ўкраінскі народ. Ніхто ж не лічыць, што мы насамрэч збіраемся заваёўваць Кіеў. Усе сацыялагічныя апытанні паказваюць, што людзі супраць уварвання. Але людзі за тое, каб знішчаць міфічных «украў», якія нібыта са свастыкамі змагаюцца супраць расейскай мовы, супраць усіх людзей добрай волі ва Украіне.

Гутарыла Аліна Коўшык, belsat.eu

Стужка навінаў