Расейцы прэзентавалі Кашчэя, а ўкраінцы – дзетак у вышыванках


Пад Горадняй адбылося ўрачыстае закрыццё пленэру разьбяроў па дрэве.

У маёнтку Каробчыцы пад Горадняй сабраліся дванаццаць майстроў – з Беларусі, Польшчы, Літвы, Украіны ды Расеі. Тэмай сёмага Міжнароднага пленэру разьбяроў сталі пушкінскія казкі. Дзякуючы працы мастакоў калекцыя маёнтку папоўнілася русалкамі, лешымі, вучонымі катамі ды іншымі фантастычнымі персанажамі.

Найменш трывіяльным, мабыць, аказалася драўляная скульптура «старога жыда», якую зрабіў найстарэйшы ўдзельнік пленэру Ян Паўлоўскі, які прыехаў з Польшчы. Свайго персанажа, даволі далёкага ад пушкінскай лірыкі, сам аўтар назваў «жыдоўскім барменам».

Рэшта ўдзельнікаў прачытала пушкінскую тэму таксама адвольна: прыбалты прэзентавалі фігуру барана, які едзе на ваўку ды «Фантастычнага звера», украінцы – «Дзіцячую казку» з парай дзетак у вышыванках. Найбольш вернымі стылістыцы Аляксандра Сяргеевіча засталіся расейцы ды беларусы, зрабіўшы з дрэва Кашчэя ды Вучонага ката.

Дырэктар маёнтку «Каробчыцы» Анатоль Грышук падзякаваў майстрам ды запрасіў з візітам на наступны год. Паўжартам, некаторым разьбярам прапанавалі нават застацца ды набрацца натхнення для стварэння новых русалак, якіх на сёлетняй выставе аказалася ажно дзве (польская і ўкраінская).

Маёнтак Каробчыцы з’яўляецца ўнікальным для Гарадзеншчыны паркам адпачынку са сваім запаркам, прудамі, прагулачнымі маршрутамі ды амаль сотняй драўляных скульптураў на любы густ.

АК

Стужка навінаў