Расейцы планавалі захапіць Левабярэжную Украіну цягам 15 дзён. У сеціва трапіў план (+дакумент)


Дарадца Міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка сцвярджае, што мае ў распараджэнне працоўны план Расеі па захопе Данбасу. 40-старонкавы дакумент апублікаваны на сайце Цэнтру даследаванняў «Міратворац».

«У красавіку 2015 года Генштаб Расейскай Федэрацыі зацвердзіў чарговы план па захопу Левабярэжнай часткі Украіны. Нарада па зацвярджэнні гэтага плана адбывалася 8-9 красавіка ў Санкт-Пецрябурзе ў Штабе Заходняй ваеннай акругі», – паведамляе Герашчанка.

У адпаведнасці з апублікаваным планам, расейскія войскі меліся ўвайсці на тэрыторыю Харкаўшчыны, Данеччыны, Палтаўшчыны, Чарнігаўшчыны і Кіеўшчыны. Наступленне мелася быць замаркіраванае пад наступ апалчэнцаў-сепаратыстаў.

У дакуменце разглядаюцца, сярод іншага, моцныя і слабыя бакі ўкраінскага войска. Сярод слабых бакоў узгадваецца, што ў раёнах баявых дзеянняў маецца значная колькасць насельніцтва, што падтрымоўвае дзеянні ўзброеных сілаў Расеі і сепаратыстаў.

Герашчанка сцвярджае, што расейцы планавалі зладзіць шэраг правакацыяў супраць украінскага войска, каб настроіць супраць іх людзей. «Гаворачы простаю моваю: плануецца прыстрэліць некалькі жыхароў акупаванага ўкраінскага Данбасу, засняць гэта на фота і відэа ды зваліць усё на дзеянні ўкраінскага боку», – зазначае дарадца міністра.

МЛ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары