Расейцы адновяць Берасцейскую крэпасць і пабудуюць там гасцініцу


Расейскі дабрачынны фонд «Защитников Невского плацдарма» падпісаў інвестыцыйную дамову з кіраўніцтвам Берасцейскай вобласці.

Гэта першы падобны дакумент, распрацаваны ў Беларусі, падае «Виртуальный Брест» са спасылкай на nation-news.ru.

У адпаведнасці з дамовай, расейскі бок плануе рэалізаваць гісторыка-культурны праект «Берасце». На першым этапе пройдзе рэканструкцыя былога штабу і былой казармы на Кобрынскім умацаванні Берасцейскай крэпасці. Пасля аднаўленчых працаў фонд «Защитников Невского плацдарма» плануе адкрыць тут гасцініцу для ветэранаў і гасцей мемарыяльнага комплексу.

Пачатковы этап праекту разлічаны на тры гады. Мяркуецца, што інвестары ўкладуць у яго каля $ 2,5 млн. У будучыні працы па аднаўленні аб’ектаў Берасцейскай крэпасці плануецца працягнуць.

Жаўнеры 125-га стралковага палка на Кобрынскім умацаванні першымі распачалі бой з нямецкімі вайскоўцамі 22-га чэрвеня 1941-га года. Немцы пакінулі тут больш за палову ўсіх загінулых пры штурме Берасцейскай крэпасці.

Штогод непадалёк ад Кобрынскага ўмацавання ў памяць аб нападзе нямецкіх войскаў праводзіцца рэканструкцыя тых падзеяў. На гэта мерапрыемства звачайна прыязджае шмат ветэранаў і гасцей з Расеі.

Міжнародны дабрачынны фонд «Защитников Невского плацдарма» зарэгістраваны ў 2005 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Фонд не мае сваёй інтэрнэт-старонкі, а толькі профілі ў сацыяльных сетках. Адно з асноўных формаў дзейнасці фонду – будаўнічыя працы. Кіраўнік арганізацыі Васіль Булавінаў з’яўляецца таксама генеральным дырэктарам таварыства з абмежаванай адказнасцю «Патриотический Центр «Крепость» у Ленінградскай вобласці, асноўнай дзейнасцю якога значыцца аптовы гандаль палівам. Чалавек з гэтым іменем да 2013 года быў генеральным дырэктарам кампаніі «Логус» у Маскве. Яго называюць таксама заснавальнікам кампаніі «НПК «Эксплайзер», якая вырабляе хімічныя рэчывы.

МЯ, паводле virtual.brest.by

Стужка навінаў