Расейцу пагражае тэрмін за экстрэмісцкі малюнак Хрыста


 Маладзён з Іжэўску размясціў у інтэрнэце выяву Ісуса Хрыста, які зазнае гвалт. Расейцу пагражае штраф Rub 100 тыс. або чатыры гады пазбаўлення волі.

23-гадовы Цімур Шоеў «размясціў на старонцы ў адной з сацыяльных сетак выяву Ісуса Хрыста, у дачыненні да якога група людзей здзяйсняе гвалтоўныя дзеянні», паведаміла пракуратура Удмуртыі. У каментары пад выяваю абвінавачваны да таго ж жорстка пакпіў з праваслаўных.

Учынак маладзёна падпадае пад дзеянне ч. 1 ст. 282 Крымінальнага кодэксу РФ (дзеянні, накіраваныя на прыніжэнне годнасці групы асобаў па прыкметах адносінаў да рэлігіі, учыненыя публічна), гаворыцца на сайце пракуратуры.

Год таму суд прызнаў гэтую выяву экстрэмісцкай, бо яно «аказвала негатыўнае псіхалагічнае ўздзеянне на рэлігійныя пачуцці вернікаў».

Шоеў часткова прызнаў сваю віну, распавёў інфармацыйнаму агенцтву «Сусанін» намеснік пракурора Кастрычніцкага раёну Іжэўску Андрэй Осіпаў.

«Ён кажа, што займаўся тролінгам, гэта ягоная фішка», – паведаміў Осіпаў.

Справу перадалі ў суд, які і вынесе прысуд Шоеву.

МЯ, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў