Расеец пра Слуцкі чын: «Гэта зусім не дрэнна»

video

«Яны пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына» – з гэтымі словамі, вышытымі на бела-чырвона-белых штандарах простыя хлопцы са Случчыны роўна 95 гадоў таму пайшлі ў свой першы бой супраць добра ўзброеных і куды больш шматлікіх акупантаў. Гэты гераічны і самаахвярны збройны чын нашых продкаў тады засведчыў і бальшавікам з Расеі, і ўсяму астатняму свету: беларусы гатовыя змагацца за сваю незалежнасць.

Старажытны герб Пагоня і беларускія спевы пасярод сталіцы. Менавіта гэтак 95-я ўгодкі Слуцкага збройнага чыну адзначылі сёння ў раёне Камароўскага рынку актывісты арганізацыі «Альтэрнатыва».

«Актывісты «Альтэрнатывы» пастанавілі ў межах кампаніі «За незалежную Беларусь» правесці чарговую акцыю: павіншаваць найперш менчукоў з гэткаю важнаю датаю, з гэткім юбілеем», – кажа Алег Корбан, лідар аб’яднання «Альтэрнатыва».

Мінакі сцяжкі з Пагоняю бралі ахвотна. Дый чарговыя ўгодкі пачатку баявых дзеянняў слуцкіх палкоў Беларускай Народнай Рэспублікі супраць акупацыйных частак Чырвонай Арміі – добрая нагода для нацыянальнага гонару. Хай нават і вядомая сёння далёка не ўсім нашчадкам герояў.

Белсат вырашыў пацікавіцца ў мінакоў як яны ставяцца да Слуцкага чыну. Рэакцыя жыхароў Менску на важную гістарычную падзею станоўчая альбо нейтральная.

«Заклікаю маіх беларусаў: вучыцеся, не будзьце невукамі! Нават Пуцін сказаў: найперш – адукацыя! І зразумейце, змяніцеся і станьце мужнымі!» — кажа мужчына.

Не супраць узброенага паўстання беларусаў і грамядзне расеі: «Вы ведаеце, я не абазнаны ў беларускай гісторыі, таму што я расеец. Але калі гэта прысутнічае, то, мабыць, гэта зусім не дрэнна» — адзначае мінак.

І хоць сённяшнюю акцыю міліцыя разганяць не стала, абмежаваўшыся перапісваннем пашпартных звестак арганізатараў, на афіцыйным узроўні тэма Слуцкага паўстання ў нашай краіне і сапраўды калі не забараняецца, то прынамсі замоўчваецца. Дый у школьных падручніках па гісторыі збройны антыбальшавіцкі чын згадваецца толькі ў дадатковых матэрыялах, неабавязковых для вывучэння. Хоць тэма супраціву ўсходнім акупантам апошнім часам робіцца ўсё актуальнейшая – разам з узмацненнем агрэсіўнага «руского мира», перакананы гісторык Алесь Трусаў.

«Калі – крый Божа! – на нашыя землі прыйдуць замежныя акупанты, нашчадкі случчакоў таксама возьмуцца за зброю. І таму яны павінны ведаць, што так проста захапіць Беларусь, анексаваць аніякім знешнім сілам не ўдасца», – тлумачыць гісторык Алег Трусаў.

Агулам аддзелы «балахоўцаў», якія складаліся пераважна з мясцовых сялянаў ды жаўнераў войска генерала Станіслава Булак-Балаховіча, стрымлівалі наступ савецкага войска каля месяца. Не дзіва, што і адзначэнне ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну таксама традыцыйна адбываецца не адзін дзень. Заўтра ў Слуцку пройдзе ўрачыстая дэманстрацыя і мітынг, арганізаваныя шэрагам апазіцыйных партыяў і арганізацыяў ды дазволеныя мясцовымі ўладамі. А ўжо на наступным дзень запланаваная паездка па мясцінах баёў балахоўцаў з расейскім агрэсарам.

Валер Руселік, Belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары