Рамзан Кадыраў назваў падазраванага забойцу Барыса Нямцова «сапраўдным патрыётам Расеі»


У справе забойства Барыса Нямцова знайшлі чачэнскі след, які прывёў да пяці падазраваных.

У нядзелю 8 сакавіка Басманны суд Масквы арыштаваў Анзора Губашэва, Хамзата Бахаева, Тамерлана Эскерханава, Шагіта Губашава і Заўра Дадаева. Усе затрыманыя адмаўляюць сваю віну, акрамя Дадаева, які прызнаўся, што датычны да забойства палітыка 27 лютага ў цэнтры Масквы. Ён заявіў, што застрэліў Нямцова за «негатыўныя выказванні ў адрас мусульманаў, якія пражываюць на тэрыторыі Расеі, прарока Мухамеда, а таксама самой ісламскай рэлігіі».

Пасля тэракту супраць журналістаў французскага часопісу «Charlie Hebdo» Нямцоў напісаў у сябе ў блогу пра «Ісламскую інквізіцыю».

Чытайце таксама: Пяць галоўных версій забойства Барыса Нямцова.

Пра тое, што выканаўцам нападу з’яўляўся Дадаеў, кажа і экспертыза, паведамляе interfax.ru са спасылкай на крыніцы следства. Аднак пісталет, з якога ў Нямцова выпусцілі па меншай меры шэсць куляў, пакуль не знойдзены. Невядома таксама, хто з’яўляецца замоўцам. Паводле Следчага камітэту, сапраўдныя замоўцы забойства могуць знаходзіцца паза межамі Расеі.

Тым часам прэзідэнт Чачэніі Рамзан Кадыраў, якога сёння Пуцін узнагародзіў ордэнам пашаны, назваў Дадаева «сапраўдным патрыётам».

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Расейскія СМІ паведамляюць, што Дадаеў больш за 10 гадоў адслужыў у спецпадраздзяленні ўнутраных войскаў Расеі, а таксама быў намеснікам камандзіра батальёну «Север», створаным у 2006 годзе пад патранатам Кадырова. У 2010 годзе быў узнагароджаны ордэнам Мужнасці. Некаторы час таму перад забойствам Нямцова ён звольніўся са службы.

Цяпер у інтэрнэце вядзецца актыўнае абмеркаванне: калі Барыса Нямцова забілі за крытыку ісламу, то хто будзе наступнай ахвярай?

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў