Рамонт даху абярнуўся катастрофай для дому ў Горадні (фота, відэа)


У элітным доме партыйных работнікаў затапіла апошнія паверхі.

Веснавы лівень 6 траўня стаўся сапраўдным стрэсам для жыхароў дзевяціпавярховіка па вуліцы Горкага, 75. На апошніх паверхах вада ліла ручаём як са столі, так і са сценаў, распавядае Уладзімір, жыхар 37-ай кватэры.

Самае цікавае, што рамонт даху, які трываў з лістапада, быў скончаны акурат у красавіку. Першы ж веснавы лівень паказаў яго якасць.

Жыльцы «грашаць» у першую чаргу на форму даха, на якім вада збіраецца нібы ў возеры. А зліўная труба, якая праходзіць за сценамі кватэраў, не можа справіцца з такой колькасцю вады: «дзеліцца» з жыхарамі.

«Учора тут можна было з парасолем хадзіць, – абураецца Ала, жыхарка 43 кватэры, – а ў суседняй 44-й жанчыну наагул токам ударыла… Гэта ўсё пасля рамонту пачалося. Раней 10 год ціха было – прынамсі ў нашым крыле».

Супрацоўнікі ЖЭСу адрэагавалі ў той жа дзень: заблакавалі зліўную трубу, а ваду з даху вычэрпвалі… жалезнымі бочкамі. Некалькі такіх бочак дагэтуль стаяць на паверхах побач з вільготнымі дагэтуль ватнікамі ды робамі жэсаўцаў.

Дом па Горкага, 75, дарэчы, першы дзевяціпавярховік у горадзе, збудаваны адмыслова для партыйнай эліты. Як у 1969-м можна было здаць дом для першых чыноўнікаў гораду з такой колькасцю пралікаў – пытанне рытарычнае.

А сённяшнія жыхары дому пакуль не спяшаюцца прыбіраць тазікі з калідораў ды перарабляць шпалеры: хто ведае, якія неспадзяванкі яшчэ рыхтуе зменлівае веснавое надвор’е?

АК, belsat.eu

Стужка навінаў