Рамеснікаў вырашылі пакуль не чапаць, збор для іх у 2017 павышаць не будуць


Адказ з Міністэрства фінансаў парадаваў рамеснікаў.

Анансаванае раней павышэнне збору для рамеснікаў вырашылі выключыць з праекту закону аб унясенні зменаў у дапаўненняў у Падатковы кодэкс. Пра гэта стала вядома з адказу Мінфіну на зварот уладальніка сайту па продажы тавараў беларускіх рамеснікаў Валера Калдачова.

Зварот у міністэрства ён накіраваў пасля таго, як у пачатку верасня стала вядома, што мясцовы органы ўлады змогуць павышаць стаўкі збору для рамеснікаў і ўладальнікаў аграсядзібаў. Пра наданне такой магчымасці мясцовым органам улады казалі прадстаўнікі Мінфіну падчас абмеркавання эканамічных дакументаў на наступны год. Меркавалася, што збор можна будзе павялічваць не больш, чым у тры раз. Цяпер рамеснікі плацяць 1 базавую (21 рубель) у год. У выпадку павышэння плацеж мог вырасці да 63 рублёў.

«Плацежаздольнасць насельніцтва і так упала. Продажы не самыя высокія. Таму для рамеснікаў нават 1 базавая ў год – гэта істотна. Ёсць, вядома, асобная група, якія, сапраўды, моцныя – у іх свае кліенты, большая колькасць працы. Але такіх у базе мала – усяго асобаў 10», – тлумачыў Валер Калдачоў.

Чытайце таксама >>> Падатковая пачала паляванне на дармаедаў

У адказе на зварот, падпісаным намеснікам міністра фінансаў Дзмітрыем Кійко, паведамляецца, што норму аб павышэнні збоку выключылі з праекту закону.

Пакуль невядома, ці будзе прынятае такое ж рашэнне ў адносінах да ўладальнікаў аграсядзібаў.

НМ, belsat.eu, паводле Tut.by

Стужка навінаў