Рамеснік-гарбар: Людзі замаўляюць таннае і хочуць, каб было як «Louis Vuitton»


Мацвей Церахаў

Мацвей Церахаў з Магілёва ўжо больш за 5 гадоў займаецца вырабамі са скуры. Рамяством зацікавіўся пасля таго, як пабачыў у часопісе артыкул з апісаннем пра бранзалеткі. Падумаў: «Няўжо гэта так складана, каб пра гэта яшчэ пісаць у часопісе? Паспрабую і я!»

Дапамагае Мацвею ягоная дзяўчына Надзея, якая пераважна вырабляе ўпрыгажэнні з каменю. Разам яны стварылі свой брэнд «Skin & Stones». Працуюць з дома.

Пра асаблівасці працы і складанасці камунікацыі з кліентамі гарбар распавёў у інтэрвю Belsat.eu.

Было забавай, стала заробкам

Пачаткова было забавай, была іншая праца – я працаваў на заводзе. Пасля таго артыкулу ў часопісе нешта запалілася ўнутры. Потым быў шэраг крызісаў, пасля якіх мы вырашылі сабраныя грошы пакрыху ўкладаць у справу. Стол набылі ў апошні момант, шмат якія інструменты валяліся ў валізках – усё было заваленае. Першыя працы вяліся на зэдліку, а сядзелі на гімнастычным шары.

Паводле нашых эскізаў зрабілі працоўны стол са стэлажамі, і цяпер можам працаваць, так сказаць, у поўную магутнасць.

У Расеі можна зарабіць удвая больш

У Расеі б які-небудзь мой гаманец каштаваў 120 нашых рублёў, у нас не магу часам і за 60 прадаць.

Кажу людзям: «У Расеі гэта каштуе ўдвая даражэй». Яны кажуць, маўляў, гэта ж Расея. Але я і так танней прадаю. Людзі часта ў сацсетках пішуць: хачу такі і такі гаманец з маім малюнкам. Даведваюцца, што будзе каштаваць 70 рублёў, і чалавека няма, размова скончаная. А гэта ж індывідуальная рэч, з італьянскай скуры, уручную апрацаваная з уручную нанесеным малюнкам, інструментамі, якія трэба было набыць, і прашытая ўручную італьянскімі ніткамі, якія не гніюць і не мокнуць, будуць вечныя.

У мяне было некалькі замоваў з Расеі.

У мяне проста такі фактар псіхалагічны ці нейкага камфорту: мне прыемней з замоўцам працаваць наўпрост. Горад не такі вялікі, і даехаць з любога канца максімум з адной перасядкай да мяне можна. І не бывае такіх занятых людзей, каб цягам аднаго-двух тыдняў папіць у мяне кавы, на месцы паглядзець і памацаць матэрыялы.

Праз інтэрнэт вельмі дрэнна: было шмат выпадкаў, калі перапісваліся, ну вышлю я ім фотаздымкі скуры, прыедзьце вы і памацайце. «Ой не, вельмі заняты, вельмі заняты», – кажуць. А як бачаць гатовы выраб: «Ой, я думаў, гэта ўсё інакш будзе». А я ж цябе запрашаў, а табе хапіла фотаздымкаў праз інтэрнэт, таму забірай тое, што бачыў на фотаздымках у сеціве. Заўсёды хочацца ісці насустрач, кліент пры гэтым мусіць толькі заехаць да мяне, выдаткаваць часцінку свайго каштоўнага часу, што, на жаль, часта бывае немагчыма.

Набываюць у падарунак, сабе шкадуюць

Замаўляюць вельмі розныя асобы. Пераважная большасць замоваў – камусьці ў падарунак. На дні нараджэння, на гадавіну, нешта імянное, індывідуальнае. Для сябе даволі рэдка замаўляюць: людзі больш гатовыя ў падарунак камусьці такую прыгажосць замовіць, чым сабе дазволіць.

Шмат ўза якія працы не бяруся праз маштабы. Асцерагаюся вялікіх маштабаў таго, чаго не спрабаваў. Людзі звяртаюцца, дасылаюць здымак, што хочуць а-ля «Louis Vuitton» ці яшчэ нешта. Я кажу: «У мяне ж не атрымаецца танней, чым гэты «Louis Vuitton». Спрабую патлумачыць. Калі не ўпэўнены, што змагу да канца зрабіць запланаванае, то асцерагаюся. Таму часам спрабуем знайсці сярэдняе паміж пажаданнямі кліента ды маймі магчымасцямі.

«Вялікія фірмы – гэта масоўка»

Вялікія фірмы – гэта масоўка. Як бы ні казалі дзяўчаткі-прадаўшчыцы, якія чытаюць свае фразы пад прылаўкам з лісточка, гэта даўно не ручная праца. Адная беларуская фірма пачынала прыкладна як я, цяпер у іх сетка крамаў па ўсёй краіне.

Ідзеш па гандлёвым цэнтры, падыходзіць дзяўчынка-прадаўшчыца: «У нас жа ручная праца, выбірайце». Гэта масоўка, для якой патрэбная хуткасць.

Скураная манетніца – проста, а цяпер яшчэ і актуальна для беларусаў

Што патрэбнае для хуткасці? Швейныя машынкі. У той фірмы на сайце фотаздымак цэху са швейнымі машынкамі, а ўверсе напісана: «Ручная праца». Я шыю ўручную, дык тады ў мяне атрымліваецца падвойная ручная праца ці як. Далей: іхныя цісненні і малюнкі – гэта на гарачую ставіцца штамп. У іх станок з лічбавым праграмным упраўленнем, дзякуючы якому яны робяць малюнкі. Трэба прызнаць, што яны робяць шмат вельмі файных рэчаў, але гэта аўтаматызаваная мануфактура, гэта не ручная праца. А людзям патлумачыць гэта ўсё складаней і складаней. На прыкладзе тых жа нітак: «Вось набыў там, чатыры гады хаджу». Глядзіш, а там ужо нітка палезла. Майму першаму гаманцу пяць гадоў, а выглядае ён, нібы яго толькі што стварылі: плоская васкаваная шырокая нітка.

«За вырабы з радыкальнымі сімваламі не ўзяўся б ні за якія грошы»

Пазбягаю нейкіх агульна непрынятых радыкальных сімволік, не хочацца на такое ставіць сваё кляймо. Да справы не даходзіла, але пыталіся пра такія рэчы. Ні за якія б грошы не ўзяўся.

Пару чалавек звярталіся наконт беларускіх нацыянальных сімвалаў, але ім быў патрэбны літаральна кулончык ці бірулька з маленькім нейкім сімвалам сонца ці чагосьці яшчэ [ужо пасля размовы Мацвей атрымаў па замове гаманец з Пагоняй, гл. фота ніжэй – Belsat.eu]. А так са скуры рабіць арнамент – таго не варта. Атрымліваецца піксельны малюнак, калі б мела сэнс займацца такім у плане кошту і выгады, то можна было б і выходзіць на такую тэматыку. Такое зробіць лазерны станок.

Людзі хочуць тое, што танна каштуе – яно і будзе ў трэндзе.

Цяпер пайшлі манетніцы, рабіў гаманцы з аўтарскімі манетніцамі, відаў пяць іх было: некаторыя пайшлі, а некаторыя – не. Шмат хто хоча ўсё і адразу: «Хачу манетніцу, хачу яшчэ і купюры, а давай, каб яшчэ і пашпарт пакласці, і ключы». Апісвае мне барсетку. За добрыя грошы зрабіў бы (смяецца). А так пацанчыкі могуць набыць і на рынку. Рынак поўны, людзі могуць пайсці ў краму і там набыць масава вырабленую рэч. Праца на замову прадугледжвае індывідуальнасць.

«На канкурэнтаў не гляджу»

Буду займацца далей, бо настолькі ўсё прыкіпела ўжо, падабаецца, рука набітая. Шкада досведу, часу, каласальнай колькасці ўкладзеных грошай і напрацаваных людзей. Мы тут з дзяўчынай пажартавалі, што, седзячы дома, ведаем паўгораду. Гандлявалі на Дні гораду, і ў нас, як выявілася, столькі сяброў!

Што датычыць канкурэнтаў, то я на іх не гляджу: шмат хто займаецца, шмат у каго атрымліваецца, і я жадаю развівацца ў тым жа духу. Бо ўсяго рынку не ахопіш, а так за штосьці я не вазьмуся, за нешта не возьмуцца яны.

А далей плануем супрацоўнічаць з выязною выставай «Пагружэнне ў сярэднявечча. Паляванне на вядзьмарак». Неяк стала блізкая і гэтая тэматыка. Рэчы такога плану можна ўжо не гледзячы здаваць у Расею – там мноства крамаў па рэканструкцыі, якія прымуць пад рэалізацыю. Прымуць і ў нас, толькі тут будзе ляжаць і пыліцца, там наадварот – дзвіжуха.

«Хацелася б паехаць на фестываль ці выставу ў Еўропу»

Ёсць такі прыемны мандраж: вельмі хочам наведаць які-небудзь фестываль, нават рыцарскі. Знаёмыя дасылалі з Англіі фотаздымкі – там да гэтага людзі вельмі сурёзна ставяцца. Натоўпы збіраюцца на гэта паглядзець, бо вельмі высокі ўзровень відовішча. Наведаць такое мерапрыемства, а яшчэ б паўдзельнічаць-пагандляваць, было б вельмі крута. У Беларусі мы можам паказаць еўрапейскі ўзровень: укласці грошы, набыць каня, зладзіць шоу, а калі гэта за 10 гадоў не адабецца, то які сэнс гэта рабіць. Каму гэта тут трэба?

Глядзіце таксама:

Зміцер Кустоўскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары