Раман Шутаў: Калі ўкрыжаваны хлопчык з’явіцца ў беларусаў, яны перастануць верыць расейскім медыям


Украіна паняволі мусіла навучыцца адбіваць не толькі рэальныя атакі, але і бараніць кіберпрастору. Пра ўкраінскія высновы, важныя і Беларусі, – у інтэрв’ю з Раманам Шутавым, экспертам маніторынгу расейскай прапаганды, а таксама праграмным дырэктарам грамадскага аб’яднання «Детектор Медиа».

Раман Шутаў

Аліна Коўшык: Тэма расейскага медыяўплыву, напэўна, ужо ўсім надакучыла. А можа, мы моцна перабольшваем тое, што робіць Крэмль з расейскімі медыямі, і тое, як ён уплывае на менталітэт украінцаў і беларусаў?

Раман Шутаў: Так, сапраўды, мы шмат пра гэта гаворым. Часам падаецца – колькі ж можна размаўляць на гэтую тэму. Але калі мы пачынаем вывучаць грамадскую думку, гледзішча нашых грамадзянаў – і гаворка не толькі пра Украіну, а таксама пра Вышэградскія краіны і Беларусь, – то мы разумеем, што ўплыў расейскіх ідэяў, міфаў, якія стварылі ў Крамлі, вельмі моцны.

Гэта значыць, што людзі маюць давер не толькі да расейскіх медыяў, але і да ідэяў, што прасоўвае Крэмль. Гэта значыць, што аб расейскім інфармацыйным уплыве нам варта размаўляць не толькі паміж сабою, але і з медыяспажыўцом – з мільёнамі людзей, якія глядзяць тэлевізар, чытаюць інтэрнэт, якія шукаюць праўду і не ведаюць, дзе яе знайсці. Гэта нам трэба тлумачыць: дзе знайсці праўду, чым адрозніваюцца прапагандысцкія медыі ад сапраўдных, збалансаваных.

– Давайце вернемся ў Крэмль. Хто стварае такія міфы? Якія гэта міфы, як яны працуюць?

– Крамлёўская прапагандысцкая машына працуе зверху. Ідэі, што цяпер прасоўваюцца ў нашай інфармацыйнай прасторы – Беларусі, Украіне, краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, – грунтуюцца на вельмі глыбокім разуменні нашых унутраных праблемаў. Чаго баяцца ўкраінцы, палякі, каго мы ненавідзім, каго асцерагаемся? Расейская прапаганда вельмі добра ведае нашыя болевыя кропкі. Яна ведае, на якую кропку націснуць, каб мы пачалі ненавідзець адзін аднаго, каб мы перасталі давяраць нашым урадам, каб мы наагул зняверыліся ў ідэі нашай дзяржаўнасці, у ідэі дэмакратыі.

Раздражняючы гэтыя болевыя кропкі, распальваючы канфрантацыю паміж намі, падрываючы давер да нашых дзяржаваў, Расея дамагаецца свайго. Яна дэстабілізуе нас знутры, падрывае нашую цэласнасць, адзінства, і яна не дае нам падысці да пытанняў нашага развіцця паўнавартасна, зладжана, згодна і мэтанакіравана.

ФОТА Харкаў, 1 сакавіка 2014 г. REUTERS/Stringer

– Паводле даследаванняў беларускіх сацыёлагаў, у Беларусі сапраўды даволі вялікі давер да расейскіх медыяў – але не ва Украіне. Калі параўнаць нашыя краіны, на беларускіх каналах ідзе рэтрансляцыя расейскіх праграмаў, забаўляльных і не толькі, а ва Украіне наадварот – расейскія каналы цалкам забароненыя. У сувязі з гэтым, як працуе гэтая машына? Чаму беларусы давяраюць расейскім каналам? А ўкраінцы, хоць і не давяраюць, але, тым не менш, у інтэрнэце ўсё роўна шукаюць расейскія забаўляльныя праграмы, і ўсё роўна ядуць гэты медыяпрадукт? Хоць разумеюць, што ён ім навязвае нейкія чужыя меркаванні.

– Давер да расейскіх медыяў ва Украіне падарвала гісторыя з укрыжаваным хлопчыкам – міфам пра тое, што ўкраінскія вайскоўцы распялі хлопчыка ў майтках, і гэтак далей. Калі асоба, якая жыве ў Славянску ці побач, выдатна разумее, што такога не было, але на расейскім тэлеканале яна бачыць, што гэта нібыта адбылося, непазбежна зніжаецца давер да расейскага тэлеканалу да нуля.

Менавіта таму ўкраінцы не вераць расейскім тэлеканалам. Яны бачаць занадта вялікую розніцу паміж карцінкай і рэчаіснасцю. На маю думку, калі ўкрыжаваны хлопчык, барані бог, з’явіцца і сярод беларусаў, яны таксама перагледзяць стаўленне да расейскіх медыяў.

Але тут праблема не толькі ў медыях, праблема ў ідэях, што прасоўваюцца. А прасоўваюцца яны далёка не толькі праз расейскія медыі. Ва Украіне ёсць цэлая плеяда вельмі ўплывовых медыяў, якія фактычна супрацоўнічаюць з Крамлём, якія вельмі шчыльна звязаныя з прарасейскім бізнесам, прарасейскім лобі ва Украіне, і яны ёсць галоўнымі каналамі гэтага ўплыву.

Фота. Раман Шутаў выступае на “Варшаўскім форуме бяспекі”. Аўтар –
Сяргей Пеляса

– То бок цяпер ва Украіне не працуюць расейскія медыі непасрэдна, але яны дзеюць праз алігархаў, праз медыя, што яны ўтрымліваюць?

– Дакладна. Менавіта алігархі, група бізнесоўцаў, блізкіх да Крамля, зрабіліся каналам уваходу ва Украіну. А ўжо праз іх ідзе ўплыў на палітыкаў, на падкантрольныя медыі і, адпаведна, на розум людзей.

– Літаральна пару дзён таму вы апублікавалі новыя даследаванні, прысвечаныя пошуку інфармацыі ў інтэрнэце. Што змянілася ў паводзінах людзей, што новага вы пабачылі?

– Мы вывучалі не толькі інтэрнэт, а ў цэлым інфармацыйную прастору: што людзі шукаюць у медыях, чым кіруюцца, якія патрэбы яны задавальняюць. Мне цяжка казаць пра змены, бо падобныя даследаванні ва Украіне не праводзіліся, але мы адкрылі вельмі шмат важных рэчаў.

Напрыклад, нашая здагадка, што людзі мэтанакіравана шукаюць якасныя навіны, не пацвердзілася. Людзі маюць шмат іншых слабасцяў, жаданняў, патрэбаў. Яны стаміліся ад негатыву, ад эканамічных праблемаў. Людзі шукаюць спакою, забавы. Менавіта расейскія медыі і прапаноўваюць такі кантэнт – пазітыўны, добры, вясёлы. Часам людзі нават ведаюць, што гэта фэйк, няпраўда, але гэта дае ім ілюзію гармоніі, спакою і дабрабыту.

– Шчасця, багацця…

– Так, вяртанне ў тыя часы, калі мы былі разам, калі нас баяліся, і калі ўсё было добра. І гэта толькі адна з патрэбаў эмацыйных, якую людзі задавальняюць дзякуючы такому прадукту. Моцны бок расейскай прапаганды ў тым, што яна надзвычай добра ведае гэтыя нашыя слабасці, патрэбы, мары…

Фота Пуцін у эфіры расейскага тэлебачання, красавіка 2014 г. REUTERS/Sergei Karpukhin

– Добра, вось я сяджу перад тэлевізарам у Бабруйску ці, скажам, у Чарнаўцах. Што я мушу зрабіць, каб не трапіць на гэтую вуду? Як я мушу думаць?

– Напэўна, трэба не кіравацца эмоцыямі. Сродкі масавай інфармацыі дадзеныя на тое, каб весяліцца, цешыцца ці адчуваць іншыя эмоцыі, але трэба падзяляць забаўляльны кантэнт, эмацыйны, ад навінавага, інфармацыйнага. І калі мы глядзім навіны, і нас прымушаюць ненавідзець, калі мы глядзім ці чытаем нейкага аналітыка, і гэты аналітык вымушае нас абурацца, ці, наадварот, цешыцца і захапляцца кімсьці, то гэта ўжо не веданне, не разуменне рэчаў – гэта нашыя эмоцыі, і гэта ўжо маніпуляцыя.

Таму, калі не вядомы вам блогер кажа, што ваш урад вас прыгнятае, рабуе вас, і ўсё навокал – суцэльны падман, то зразумейце, што гэтая асоба вамі маніпулюе.

– Але, можа, гэта праўда?

– Калі гэта праўда, то будуць лічбы, будзе аналіз, і будзе спроба зразумець розныя фактары ўплыву. Урэшце, калі мы не задаволеныя нашымі ўрадамі, то, можа, гэта нашая праблема, што мы іх абралі, менавіта гэтых людзей? Магчыма, мы не ведаем, як на іх паўплываць, якім чынам кантраляваць іхную дзейнасць, – давайце казаць пра гэта. Але калі мы проста сядаем перад камерай і пачынаем апошнімі словамі ганіць урад, гэта знойдзе водгук у сэрцах мільёнаў людзей, але гэта маніпуляцыя, гэта не інфармаванне, не дыялог.

– Вы працуеце ў Кіеве. Што вам вядома пра Беларусь з украінскіх медыяў? У якім рэчышчы яны паказваюць Беларусь? Што ўкраінцы думаюць пра падзеі ў нашай краіне?

– Мне здаецца, пра Беларусь існуе два наратывы. Адна гісторыя датычыць ураду Беларусі, дзяржавы, разумеючы пад гэтым апарат урадоўцаў і рэжым. Другая справа, калі гаворка ідзе пра беларускі народ. Гэта дзве розныя гісторыі.

Калі гаворка ідзе пра Беларусь як дзяржаўную ўстанову, то галоўнае, пра што кажуць, – гэта рудымент аўтарытарызму ў Еўропу, супярэчлівая спроба сысці ад савецкай мінуўшчыны: крок наперад, два назад.

Там добрыя дарогі ды якаснае малако, але коштам прыгнёту правоў і свабодаў.

А калі гаворка пра беларускі народ, тут ідэя вольналюбівага беларускага народу, які шукае спосабаў жыць гэтак, як яму наканавана ягонай ментальнасцю, гістарычнай роляй.

– І гэтым мы падобныя да Украіны.

– Так, гэта наратыў нашага братэрства ў добрым разуменні слова, бо нас штурхаюць у імкненні змяніць усё да лепшага насуперак палітычнай волі кіраўніцтва. У такой самай сітуацыі цяпер і беларускі народ, і паверце, украінцы вельмі хочуць, каб беларусы мелі больш магчымасцяў рухацца наперад.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» 17 лістапада 2017 г.

Іншыя тэмы праграмы:

Тролі Лукашэнкі супраць незалежных медыя

Каталуння, Вялікая Брытанія, Польшча, Балканы. Мэта Расеі – зламаць Еўропу

Стужка навінаў