Раман Орўэла «1984» – бестселер у Расеі


Кадр з фільму на падставе орўэлаўскага раману.

Антыўтопія Джорджа Орўэла «1984» аказалася ў Расеі ў першай дзясятцы кніг паводле вынікаў продажаў.

Пра гэта сведчыць рэйтынг часопісу «Forbes». Сёлета расейцы набылі 85 000 асобнікаў гэтай кнігі.

«1984» – адная з самых вядомых у свеце антыўтопіяў. Рэчаіснасць кнігі, напісанай у 1948 годзе, сталася архетыпам таталітарнага грамадства. Лозунгі «Вайна – гэта мір» ды «Свабода – гэта няволя», безупынныя пошукі ворагаў і хвілінкі нянавісці, перапісванне гісторыі дзеля інтарэсаў партыі – ува ўсім гэтым, відаць, расейскі чытач знаходзіць паралелі не толькі з Савецкім Саюзам.

Нядаўна ў сеціва трапіла адкрыццё аднаго з блогераў, які заўважыў, што нельга не ацаніць ірландскага пачуцця гумару: амбасада Расеі ў Дубліне месціцца на вуліцы Орўэла, 184–186.

Не вядомая статыстыка продажу «1984» у Беларусі, але ў каментары «Белсату» «Цэнтральная кнігарня» паведаміла, што попыт на кнігу – вялікі:

«У залежнасці ад вокладкі кніга каштуе ад 79 да 97 тысячаў. Ёсць і поўны збор твораў Орўэла за 300 000. Бяруць пастаянна. У нас яго – цэлыя стосы», – кажуць у кнігарні.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары