Ракетная атака па Сірыі, рэакцыя Масквы – чаму гэта важна для Беларусі


14 красавіка а 4-й раніцы па сірыйскім часе (супадае з менскім) вайсковыя сілы ЗША, Вялікай Брытаніі і Францыі супольна нанеслі ракетны ўдар па Сірыі. Беларускае кіраўніцтва будзе назіраць за тым, якім будзе адказ Расеі, якая раней заяўляла пра тое, што будзе абараняць Сірыю ад любых атак. І ці будзе гэты адказ увогуле?

1. Што адбылося

Цэлямі ўдару былі навуковы цэнтр у Дамаску, склад хімічнай зброі ў Хомсе і камандны пункт побач.
Ракетны абстрэл стаў адказам на хімічную атаку ў горадзе Дума, апошнім аплоце антыасадаўскіх баевікоў у рэгіёне Усходняя Гута ў мінулую суботу. Загінула больш за 70 чалавек. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, у шпіталі з сімптомамі ўздзеяння хімічных рэчываў трапілі каля 500 пацыентаў.
Запуск ракеты Tomahawk з амерыканскага эсмінца USS Ross па Сірыі 7 красавіка 2017 года. Крыніца – U.S. Navy
ЗША, Францыя, Брытанія і іншыя краіны абвінавацілі сірыйскага дыктатара Башара Асада ў выкарыстанні хімічнай зброі. Урад Асада зняпраўдзіў гэтыя звесткі і абвінаваціў паўстанцаў у Думе ў фабрыкаванні доказаў хімічнага нападу. Такую ж пазіцыю агучылі Іран і Расея, галоўныя спонсары і хаўруснікі Асада.

2. Чаму гэта важна

Расейскі амбасадар у Ліване Аляксандр Засыпкін раней на гэтым тыдні выступіў на тэлеканале al-Manar, які належыць групоўцы Хезбала, якая ставіць за мэту пабудову ісламскай дзяржавы ў Ліване.
«Калі адбудзецца амерыканскі ўдар, тады… ракеты будуць збівацца, і нават носьбіты, з якіх выпускаліся ракеты», – сказаў Засыпкін.
Такім чынам прагучалі пагрозы страляць па амерыканскіх караблях і самалётах – падобныя заявы не гучалі з часоў Карыбскага крызісу, калі свет стаў перад небяспекай глабальнай атамнай вайны.
Гучныя словы былі пачутыя і ў Вашынгтоне.
«Расея абяцае збіваць любыя ракеты, якія будуць выпушчаныя па Сірыі. Рыхтуйся, Расея, таму што яны прылятуць, прыгожыя, новенькія і «разумныя»! Не варта быць партнёрам з жывёлай, якая забірае ўласны народ газам і атрымлівае задавальненне ад гэтага», – напісаў у адказ прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваім твітэры на наступны дзень.

3. Чаму, магчыма, войскі Асада выкарыстоўваюць хімічную зброю

Рэжым Башара Асада вядзе грамадзянскую вайну з 2011 году і ў значнай ступені згубіў мабілізацыйны і якасны патэнцыял сваёй арміі і іншых сіл бяспекі.
На меркаванне шэрагу экспертаў, гэта прыводзіць да таго, што ў якасці пяхоты ў значнай ступені выкарыстоўваюцца найміты, якіх аплочваюць Расеі і Іран. З іншага боку ўласна сірыйскія падраздзяленні войска Асада фактычна пераўтварыліся ў атрады асобных палявых камандзіраў, здольнасць кантраляваць якіх у дыктатара даволі ўмоўная.
Здымак магчымых расейскіх наймітаў у Сірыі з тэлефона, які патрапіў у рукі баевікоў-ісламістаў. Фота – «Новая газета»
Такім чынам выкарыстанне хімічнай зброі ў густа заселеных кварталах дзейнічае як сродак тэрору ў сітуацыі недахопу сілаў для таго, каб паставіць па патрулю ў кожным нелаяльным квартале. З іншага боку самі асобныя сірыйскія камандзіры, якія могуць не надта слухацца Асада і сыходзяць перш за ўсё са сваіх прыватных і лакальных інтарэсаў, выкарыстоўваюць проста ўсё, што знаходзяць пад рукой – у тым ліку старыя запасы рознай атруты.

4. Чаму так рэзка рэагуе Захад

ЗША і іхных хаўруснікаў перш за ўсё цікавіць, каб выкарыстанне зброі масавага знішчэння не стала нормай – калі смяротную (у адрозненне ад несмяротнай паліцэйскай хіміі) хімічную зброю будуць ужываць часта, то знікне своеасаблівае ментальнае табу і на баявую хімію, і на баявую біялогію, і на атамную вайну паступова знікне.
А гэта азначае рэзкае падвышэнне небяспекі не толькі ў зонах канфліктаў, не толькі ўзмацненне масавай міграцыі з такіх рэгіёнаў у заходнія краіны, але і вялікую рызыку падобных тэрарыстычных актаў у саміх краінах Захаду.
Ахвяры хімічнай атакі ў горадзе Гута ў жніўні 2013 года. Фота wikimedia.org
Акрамя таго Захад непакоіць тое, што наяўнасць зброі масавага знішчэння ў зоне сірыйскага канфлікта азначае, што яна можа літаральна патрапіць у практычна любыя рукі.
Больш за тое, у 2013 годзе пасля аналагічных хімічных атак пад пагрозай амерыканскага ўдару Башар Асад падпісаў Канвенцыю па забароне хімічнай зброі і пагадзіўся аддаць усю сваю хімічную зброю. Расея стала гарантам працэсу гэтага раззбраення.
Запуск ракеты Tomahawk з амерыканскага эсмінца USS Porter па Сірыі 7 красавіка 2017 года. Крыніца – U.S. Navy
Аднак, інцыдэнты з выкарыстаннем хімічнай зброі ў Сірыі працягваліся – гэтак закрыты даклад ААН у жніўні 2016 года адкрыта паведамляў, што сілы Асада выкарыстоўвалі хімічную зброю ў красавіку 2014 года падчас бамбардыроўкі гораду Талменес і ў сакавіку 2015 года падчас бамбардыроўкі горада Сармін.
4 красавіка 2017 года адбылася хімічная атака на горад Хан-Шейхун, у выніку якой загінулі як мінімум 74 чалавекі. Гэта стала нагодай для першага масавага абстрэлу сірыйскіх вайсковых аб’ектаў амерыканскімі ракетамі «Тамагаўк», які адбыўся 7 красавіка 2017 года.

5. Што гэта значыць для Беларусі і свету?

Дональд Трамп афіцыйна заявіў, што ракетная атака – простае наступства таго, што Масква аказалася няздольная гарантаваць поўную ліквідацыю хімічнай зброі Асада, як тое яна абяцала ў 2013 годзе.
Як і ў красавіку 2017 года, Расея, якая абяцала абараняць войскі Асада ад налётаў і ракетных удараў, фактычна ўхілілася ад гэтага. Пры гэтым Мінабароны РФ заявіла, што каля 70% усіх ракет – 71 адзінка – былі збітыя супрацьпаветранай абаронай Сірыі. Паведамленне выклікала вялікі сумнеў у сувязі з тым, што яшчэ год таму асадаўская СПА не змагла збіць аніводнага «Тамагаўку».
Спадарожнікавы здымак базы Шайрат, прааналізаваны сайтам imagesatintl.com. Пазначаны 44 удары «тамагаўкаў» 7 красавіка 2017 году.
Больш за тое, на працягу апошняга году адбываліся неаднаразовыя звычайныя паветраныя бамбардыроўкі войск і аб’ектаў Асада, напрыклад, ізраільскай авіяцыяй. Траплялі пад масіраваныя ўдары амерыканскай авіяцыі і самі расейскія найміты, аднак ані сірыйская СПА, ані найноўшыя комплексы С-400, якія стаяць на расейскіх базах у Сірыі, не нанеслі ніякіх стратаў амерыканцам і ізраільцянам.
Такім чынам, рэакцыя Крамлю можа азначаць, што Масква альбо не мае палітычнай волі, альбо не мае магчымасці выконваць свае абяцанні Асаду, пагрозы сваіх дыпламатаў, а тым больш заявы сваёй прапаганды.
Калі гэтыя ацэнкі правільныя, то Беларусь атрымлівае большую свабоду рук ва ўнутранай і знешняй палітыцы, выкарыстоўваючы ў сваіх інтарэсах усё большую міжнародную ізаляцыю Масквы і тое, што яе жаданне ісці на канфлікт з Захадам, магчыма, знізілася.
Кітайскі бранеаўтамабіль «Цмок» на выпрабаваннях у Беларусі. Фота «Ваяр»
Таксама адсутнасць палітычнай волі абараняць сваіх хаўруснікаў, а таксама верагодная тэхнічная дэградацыя расейскай СПА зніжае рэальную патрэбнасць для сучаснага кіраўніцтва Беларусі мець шчыльны вайсковы саюз з Масквой і купляць для беларускага войска расейскую баявую тэхніку.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu
Стужка навінаў