Рагачоў абледзянеў пасля цыклону Даньеля


Не ўся Беларусь цягам гэтага тыдня змагалася са снегавымі заносамі. Калі ў заходняй частцы краіны падчас цыклону Даньеля за содні ў выглядзе снегу выпала амаль дэкадная колькасць ападкаў, то ў Рагачоўскім раёне прайшоў дождж.

На Гомельшчыне ўраган Даньеля меў адмысловы выгляд – не снежны, а лёдавы. На ўсходзе, у Рагачоўскім раёне прайшла залева, прычым вада адразу замярзала. Найбольш пацярпела вёска Старая Кашара. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што такога вялікага абледзянення ў іх не было ніколі.

Лёд абляпіў усё. Зямля ж ператварылася ў суцэльны каток, а дрэвы – у незвычайны музычны інструмент.

Ад ветру ды ад цяжару лёду шмат дрэваў паламалася, абарваліся правады. Аператыўна ліквідаваць наступствы абледзянення рагачоўцам дапамагалі аварыйныя брыгады з суседняга Кармянскага раёну.

СОФʼЯ, ЖЫХАРКА В. НОВАЯ КАШАРА:

«Дзве машыны прыязджалі, да вечара зрабілі, да вечара ўжо гарэў, дзякуй ім, а заўчора былі без святла».

Мясцовыя ўлады да капрызаў надворʼя падрыхтаваныя. Тэлефанаваць у штаб пры сельсавеце можна кругласуткава.

АЛЕГ БАРЫСЕНКА, СТАРШЫНЯ ДВАРЭЦКАГА СЕЛЬСАВЕТУ:

«Калі толькі ад людзей паступае званок мы паведамляем у РЭС, адразу выязджае аўтавышка, у іх абсталяванне, бензапілы, ліквідуюцца аператыўна абрывы правадоў сорак».

Цыклон Даньеля абясточыў больш за тысячу населеных пунктаў у Беларусі. Яшчэ сёння раніцай шаснаццаць з іх на Меншчыне заставаліся без святла. А чарговы цыклон са снегам, завірухамі ды аранжавым узроўнем небяспекі чакаецца ў Беларусі ўжо ў суботу.

ІД, belsat.eu

Стужка навінаў