Радзіна: Лукашэнка ідзе да свайго лагічнага канца


[vc_row][vc_column][vc_column_text]«Пакуль Лукашэнка здымае скуру з беларусаў, Брусель здымае з Лукашэнкі санкцыі», – заявіў Уладзімір Някляеў, які далучыўся да акцыі прадпрымальнікаў. Менскі пратэст ІП і скасаванне санкцыяў супраць Лукашэнкі каментуе галоўная рэдактарка «Charter97.org» Наталля Радзіна.

З Лукашэнкі знялі санкцыі, а ў Менску на плошчу выйшлі прадпрымальнікі? Ці можна параўноўваць гэтыя падзеі? Якая больш важная для Беларусі?

Для Беларусі найважнейшай падзеяй ёсць мітынг прадпрымальнікаў, які прайшоў у Менску: надзвычай важна, што беларусы пачынаюць пратэставаць. І няхай сёння з 200 тыс. выйшла толькі 1 тыс. чалавек, я веру, што гэта толькі адна з мноства імаверных акцыяў, якія пройдуць у Менску.

Што наконт зняцця санкцыяў, палітыка Бруселю – памылковая. Здымаць санкцыі з Лукашэнкі сёння нельга – катэгарычна нельга, бо сітуацыя ў краіне не паправілася. Апошняя выбарчая кампанія была сфальсіфікаваная таксама, як усе папярэднія кампаніі. Так, палітвязні былі вызваленыя, але ніводны не быў рэабілітаваны. Усе вязні сумлення знаходзяцца сёння пад пагрозай новага арышту.

Сітуацыя з правамі чалавека не палепшылася, а пагоршылася, паколькі ўлады распачалі рэпрэсіі не толькі супраць палітычнай апазіцыі, але і супраць усіх слаёў грамадства.

Тое, што нельга здымаць санкцыі з Лукашэнкі еўрачыноўнікам казалі і апазіцыйныя палітыкі, праваабаронцы і прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці. Чаму іх голас не быў пачуты?

Бо ў дадзеным выпадку еўрапейскія чыноўнікі думаюць пра свае шкурныя інтарэсы і аддаюць перавагу не чуць лідараў беларускай апазіцыі і дэмакратычных сілаў ды, наагул, беларускага народа.

Так, быў прыняты зварот беларускіх апазіцыянераў, якія ўсе як адзін заклікалі не здымаць санкцыі, да гэтага заклікалі праваабаронцы і незалежныя журналісты, але ў дадзеным выпадку мова вядзецца не пра палітычную карысць ад такога кроку, а пра банальную карысць гаспадарчую, паколькі Беларусь цяпер – кантрабандны хаб, які дазваляе весці гандаль Еўразвязу з Расеяй, Расеі – з Еўразвязам, Украіне – з Расеяй, таму вырашылі, што Лукашэнка сёння патрэбны Захаду як – няхай з крывёю на руках, – але партнёр.

Раней у супрацы з Лукашэнкам запляміліся некаторыя краіны, як, да прыкладу, Аўстрыя. Цяпер жа за адмену санкцыяў выступілі беларускія суседзі – напрыклад, Польшча, якая заўсёды паслядоўна падтрымоўвала беларускую дэмакратычную супольнасць. Чаму тут адбылася такая змена рыторыкі?

Мы ўдзячныя Польшчы за тое падтрыманне, якую гэтая краіна аказвае беларускім незалежным медыям, у першую чаргу тэлеканалу «Белсат», і сайту «Хартыі», але сёння я вымушаная крытыкаваць польскі ўрад, які выступіў за змякчэнне санкцыяў у дачыненні да Лукашэнкі. Тым больш гэта дзіўна, што такую памылку дапусціла калісьці партыя «Грамадзянская платформа». У Менск прыязджаў міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі – вы памятаеце, чым гэта скончылася пасля 19 снежня 2010 года. Сікорскі заявіў, што Лукашэнка – лузер, што ён прайграў выбары, і цяпер міністр Вашчыкоўскі ідзе шляхам Сікорскага. Я баюся, што пазней яму прыйдзецца заяўляць тое ж самае. Я спадзяюся, гэта не прывядзе да такіх ахвяраў, як падобная палітыка Еўразвяза пасля 2010 года.

У 2010 годзе напярэдадні выбараў Лукашэнка дазволіў пэўныя вольнасці – тады гэта назвалі нават «месяцам свабоды». У выніку страху ў грамадстве зменшылася, а на Плошчу выйшлі дзясяткі тысячаў людзей. Сёння пачатак гэтага сцэнару паўтараецца: прадпрымальнікі заявілі на сённяшняй акцыі, што страху менш і што яны будуць выходзіць на Плошчу да перамогі? Ці азначае гэта, што сцэнар можа здзейсніцца і па далейшых пунктах?

Вы маеце абсалютную рацыю – сітуацыя будзе паўтарацца: Лукашэнка будзе вымушаны закруціць гайкі, інакш ён не ўтрымаецца ва ўладзе. Але ў другі раз у яго можа не атрымацца: сітуацыя настолькі цяжкая, незадаволеных – такое мноства, што зараз і міліцыя можа стаць на бок народу.

Глядзіце поўную версію размовы Валера Руселіка з Наталляй Радзінай у відэаматэрыяле.

Стужка навінаў