Радзільня гэта ці канцлагер? Шчыры і шакуючы аповед пра тое, як гэта – нарадзіць у Беларусі


«Адчуваеш страшны сорам, адзіноту і бездапаможнасць. Ты думаеш толькі пра тое, каб хутчэй усё скончылася». Журналістка belsat.eu піша пра ўласны досвед родаў у беларускай дзяржаўнай радзільні.

Дзень нараджэння свайго дзіцяці, пэўна, самы значны і радасны для кожнай жанчыны. Беларуская ж сістэма дапамогі ў родах робіць так, што яго хочацца хутчэй забыць. Для сябе я прыняла рашэнне – больш ніколі не нараджаць у Беларусі.

Хачу распавесці, як выглядаюць роды ў бабруйскім гарадскім радзільным доме – тым самым, дзе мінулай восенню не прачнулася пасля кесарава сячэння, а потым і памерла маладая 18-гадовая дзяўчына Надзея Печань, пра якую ўжо не аднойчы пісалі беларускія медыі. Мне выпала нараджаць у гэтай радзільні менавіта ў той дзень, калі Надзея прыехала туды здаровая і з чаканнем хуткай сустрэчы з дзіцём.

1444747884_roddom_2014_3

Я накіравалася ў радзільны дом пасля содняў досыць нерэгулярных, але ўсё больш інтэнсіўных схватак. Настрой на пазітыў, пра які, як абавязковую ўмову для паспяховых родаў, пішуць у мамскіх часопісах, знік адразу ў прыёмным пакоі. Там мне загадалі распрануцца і апрануць беспамерны дзіравы халат, які невядома хто і колькі разоў апранаў да мяне. Адразу на ўваходзе ў прыёмны пакой, дзверы ў які былі расчыненыя. І ў любы момант мог зайсці хто заўгодна – новая парадзіха, ейны муж, ці яшчэ нехта. Я, дарэчы, зайшла як раз, калі там здымала майткі дзяўчына.

А пакуль я распавядала сваю сітуацыю дзяжурным, яна ляжала з нагамі, сагнутымі ў каленях, і чакала агляду. Мне было няёмка і за сябе, і за тую дзяўчыну. Па ейным жа твары было бачна, што ёй ужо ўсё роўна. Потым прыйшла мая чарга. Калі я толькі паспрабавала сказаць, што хачу застацца ў сваёй бялізне, на мяне пачалі крычаць. Менавіта крычаць, што не трэба рабіць з сябе самую разумную – правілы аднолькавыя для ўсіх. Мне захацелася збегчы, але я не магла – дзіцё ўсё мацней прасілася прыйсці на гэты свет.

Я была вымушана апрануць іхны падраны «мяшок», і самае жахлівае – пакласці паміж ног дзіравую агромністую анучу з інвентарнымі нумарамі, нанесенымі чорнай фарбай. І ісці з ёй па калідорах, як калека, бо гэта страшна нязручна.

Клізма пры адчыненых дзвярах і душ са швабрамі

Гэтыя ўмовы, якія ад самага пачатку прыніжаюць тваю чалавечую, жаночую годнасць, ламаюць тваю волю, апошнія сілы супраціўляцца і стаяць за сябе. Я не ведаю, як яны гэта робяць, як у іх атрымалася прымусіць замаўчаць мяне, якая заўсёды ў іншых сітуацыях ведала, як і каго паставіць на месца. А тут я маўчала. Цярпела, ненавідзела іх і сябе, і марыла, каб гэта хутчэй скончылася.

Што там раяць падчас родаў – расслабіцца? Думаць пра хутчэйшую сустрэчу з дзіцём? Ва ўмовах нашых радзільных дамоў гэта немагчыма. Ты думаеш толькі пра тое, каб хутчэй усё скончылася. А яшчэ адчуваеш страшны сорам, адзіноту і бездапаможнасць.

Потым было галенне на кушэтцы і клізма, зноў перад адчыненымі дзвярыма, у якія нехта пастаянна заходзіў. Калі я папрасіла прычыніць дзверы, на мяне пачалі крычаць, што не трэба быць такой «нежанкай», бо ведаю, дзе знаходжуся, не ўдома ўсё ж такі, а ў радзільні. І мне варта забыцца пра сваю сарамлівасць, і дзверы там нідзе не зачыняюцца. Мне было вельмі кепска. Я расплакалася.

Потым быў душ у суседстве вёдраў для мыцця падлогі, швабраў і анучаў.

У перадродавай палаце было два ложкі. На адным з іх ляжала дзяўчына пад кропельніцай. Яна енчыла і крычала, кусала рукі і прасціны. І вось у такой «прыемнай» атмасферы мне наканавана было рыхтавацца да родаў. Мне стала страшна. Супакоіць мой страх ніхто не збіраўся. І сама я не мела магчымасці. Я не магла патэлефанаваць ці напісаць мужу, ці маме, ці сяброўцы. Тэлефонам карыстацца забараняюць – маўляў, паўплывае на апараты. А быць там у адзіноце – невыносна. Глядзець на тую дзяўчыну пад кропельніцай, ці ў цёмнае вакно, ці проста маліцца. Муж не мог быць са мной. Далей за прыёмны пакой нікога не пускаюць. Партнёрскія роды ў Бабруйску не практыкуюцца ў прынцыпе. Жанчына ў родах тут застаецца адна.

Пракалолі плодны пузыр і да крывы падрапалі дзіцяці галаву

18-6

Ноч здавалася бясконцай. Вельмі хацелася піць. Але мне не дазволілі – а раптам аперацыя?

Раскрыццё шыйкі маткі ішло занадта павольна… Мне пракалываюць плодны пузыр. Нічога не сказаўшы, не папярэдзіўшы. Было балюча. Але толькі потым я даведалася, што нашмат больш балюча было майму сыну яшчэ ўнутры мяне! Падчас праколу доктар вялізнай іглой да крыві падрапаў малому галаву! Два месяцы сыходзілі корачкі з сямі глыбокіх шрамаў праз усю галоўку дзіцяці. І ніхто нават не выбачаўся за гэта! Мне проста сказалі – а што ж вы хацелі? Ну так атрымалася.

Працэс не пайшоў хутчэй і пасля праколу. Тады мне вырашылі ставіць кропельніцу з аксітацынам. Я паспрабавала адмовіцца. Але хто мяне там слухаў? Я толькі пачула, як за дзвярыма медсёстры з насмешкай абмяркоўвалі мае словы і смяяліся, маўляў, разумніца прыехала.

Пад раніцу мне невядома навошта ўвялі снатворнае. Я толькі чула, як доктар кажа сястры – прамедол, фентаніл, яшчэ нешта. Я не паспела сказаць «не трэба», як адчула, як закружылася галава. Праз некаторы час, скрозь наркатычны сон, які яшчэ не скончыўся, я адчула боль чарговага агляду і вырак – сама не народзіць, дзіцё ўжо доўга без вады – пагроза, кесарава. Я яшчэ змагла тады падумаць – а хто ж так зрабіў, што дзіцё без вады? Мне паставілі мачавы катэтар, і павялі ў аперацыйную.

Перад вачыма быў туман пасля сну, я амаль падала па дарозе, а медсястра бегла далёка наперадзе.

У аперацыйнай я падпісала дазвол на аперацыю. Здаецца, у той момант я падпісала б што заўгодна, каб толькі гэта скончылася. Я памятаю, што сказала ўжо лежачы на стале – я баюся. У адказ я пачула – мы таксама.

Глядзіце таксама: Хатнія роды ў Беларусі, праграма “54 %”

Як у радзільнях знішчаюць грудное кармленне

Я не бачыла моманту нараджэння свайго сына. Дзень адходзіла ад першага ў жыцці наркозу.

Дзіця ўбачыла амаль праз двое содняў. Мне прынеслі яго з чырвонымі шчочкамі, і як ні ў чым не бывала, сказалі – а гэта ў яго алергія, відаць, на сумесь, якой мы яго тут кормім, на «Беллакт» – ён часта дае алергію. Але ў той жа час купіць іншую сумесь мне не дазволілі, маўляў, ўдома будзеце карміць, чым захочаце, тут няма каму з вамі асобна вазіцца. Гэта даслоўна. Грудное кармленне? Усе дэкларацыі на яго падтрыманне тут толькі на стэндах на сценах. Насамрэч ніхто ў гэтай радзільні не зацікаўлены ў тым, каб навучыць маладую маму карміць грудзьмі. На другі дзень пасля кесарава, калі яшчэ не было малака, я пачула ад доктара катэгарычнае «тут нічога не будзе, кармі з бутэлькі».

Я лічыла хвіліны да выпіскі. Я не хацела ні ўрачыстых фотаздымкаў каля радзільні, нічога – толькі як мага хутчэй апынуцца з дзіцяцем ўдома. Я дагэтуль бачу ў жахах тую ноч.

Я адназначна для сябе вырашыла – больш ніколі не нараджаць у Беларусі. Бо тая сістэма, што існуе ў нашых радзільнях – нечалавечая. Гэта здзек з жанчыны і дзіцяці. Гэта ненармальна, калі бацька не можа ўбачыць момант нараджэння свайго дзіцяці, што жанчына застаецца за сценамі радзільні адна – без блізкіх, без сувязі з імі, без сведкаў, урэшце, без таго, хто ўмяшаецца, калі будзе трэба, бо жанчына там губляе сваю волю, яе ламаюць, яна застаецца безабароннай.

Я не разумею цяпер аднаго – чаму столькі пакаленняў жанчын гэта зносілі, і чаму дагэтуль жанчыны церпяць, але прымаюць гэта як норму. Сістэму родаўспамажэння ў Беларусі трэба змяняць. І я заклікаю жанчын аб’ядноўвацца, і патрабаваць ад дзяржавы і ад дактароў гэтых пераменаў.

ММ, belsat.eu

Ад рэдакцыі

Тэму родаў у Беларусі ўздымалі на «Белсаце» і раней. Прыводзіліся таксама статыстычныя дадзеныя пра дзіцячую смяротнасць, з якіх вынікала, што ў Беларусі нараджаць бяспечней, чымся нават у шэрагу заходніх краінах. Магчыма, гэта сапраўды так, хоць у майстэрстве жангляваць лічбамі беларуская дзяржава – абсалютны чэмпіён.

Ёсць дактары і малодшы медперасанал, якія самааддана і добрасумленна выконваюць сваю працу, для каго гэта – пакліканне. Нізкі паклон ім.

Але ёсць і жудасныя гісторыі, якія таксама ў статыстыку не ўключаюць, хоць яны – не рэдкае выключэнне, а практыка. Аптымістычная статыстыка не можа быць апраўданнем для бяздушша, цынічнасці і бесчалавечнага стаўлення, бо гэта не звязаныя паміж сабою зʼявы. Мы перакананыя, што надышоў час для зменаў. Жанчына, што дае пачатак новаму жыццю, не мусіць дзеля гэтага праходзіць праз псіхалагічныя пакуты і траўмы.

Глядзіце таксама: “Людскія справы”: чаму беларускі едуць нараджаць за мяжу?

Глядзі таксама
Каментары