Радыяцыя «знікае»: улады змяншаюць колькасць забруджаных паселішчаў


Амаль 31 тысяча беларусаў ужо тыдзень як не жывуць у забруджанай радыяцыяй зоне. 11 студзеня Савет міністраў зацвердзіў новы пералік населеных пунктаў што знаходзяцца ў зоне радыяцыйнага забруджання.

Паводле яго ў зоне радыяцыйнага забруджання знаходзіцца ўсяго 2193 населеных пункты. У параўнанні з папярэднім пералікам шасцігадовай даўніны, колькасць забруджаных паселішчаў зменшылася на 203.

У Дварэцкім сельсавеце Рагачоўскага раёну чыстымі ад радыяцыі прызналі тры вёскі. Гусараўка, Зялёная рунь і Новая Кашара паводле пераліку 2010 году знаходзіліся ў зоне пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем. Вяскоўцы пра радыяцыю ведаюць, але даўно не звяртаюць на яе ўвагі.

Апытанне:

“Ды нічога ніхто не вымачвае, усё сваё”.

“А куды ж яна зникне, яна ж у паветры, а ўжоадаптаваліся да ўсяго”.

Некаторыя забруджаныя вёскі не трапілі ў новыя спісы саўміну таму, што ў іх ужо ніхто не жыве. Бязлюдзеюць і яшчэ жывыя паселішчы. Да звестак пра выкрасленне са спісу забруджаных паселішчаў мясцовыя жыхары ставяцца абыякава.

АЛЕГ БАРЫСЕНКА, СТАРШЫНЯ ДВАРЭЦКАГА СЕЛЬСАВЕТУ:

“Людзі спакойна адрэагавалі на гэтую пастанову, пра гэтую радыяцыю ўсе ўжо даўно забылі і ніякіх праблемаў няма з гэтым”.

Ад тых ільготаў, што першапачаткова мелі жыхары забруджаных тэрыторый, засталося няшмат. Гэта бясплатнае харчаванне ў школе, штогадовы санаторый для дзяцей, падтрыманне цяжарных жанчын. Але пенсіянеры-вяскоўцы дапамогі дзяржавы асабліва не заўважалі.

ВАЛЯНЦІНА ПУСЯНКОВА, ЖЫХАРКА В. НОВАЯ КАШАРА:

“Трыццаць рублёў плацілі, дык ці былі яны ці не было. Іншых прывілегій не было”.

Зацвярджэнне новых спісаў апроч адмены ільготаў для людзей азначае яшчэ і ўвод новых земляў у сельскагаспадарчую вытворчасць, а гэта ўжо небяспечна для ўсіх беларусаў.

ЮРЫЙ ВАРОНЕЖЦАЎ, СЯБРА ІНІЦЫЯТЫВЫ “НАВУКОЎЦЫ ЗА БЕЗ’ЯДЗЕРНУЮ БЕЛАРУСЬ”:

“Каб выгадаваць умоўна чыстую прадукцыю, трэба ўкласці больш сродкаў, чым выгадаваць на самой справе чыстую прадукцыю ў чыстых раёнах Беларусі, якіх дастаткова”.

Таму адмыслоўцы лічаць што змяншаць зону радыяцыйнай забруджанасці зарана. Законаў фізікі ніхто не адмяняў і радыяктыўныя рэчывы распадаюцца не так хутка, як гэта было б зручна для беларускай эканомікі.

ІД, belsat.eu

Стужка навінаў