Радыеактыўныя адкіды Астравецкай АЭС закапаюць у Беларусі

video

Былі пратэсты, былі дыпламатычныя ноты ад Літвы, але будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі працягваецца. І пытаннем № 1 застаецца экалагічная бяспека праекту: у прыватнасці, якія планы ўлады і ядравікі маюць адносна радыеактыўных адкідаў станцыі.

Святло на сітуацыю праліло Міністэрства энергетыкі

«На гэты момант распрацоўваецца канцэптуальны праект пункту пахавання радыеактыўных адкідаў (апроч высокаактыўных), якія ўтвараюцца ў працэсе эксплуатацыі ды вываду з эксплуатацыі Беларускай АЭС… Збудаванне гэтага пункту дазволіць ізаляваць радыеактыўныя адкіды АЭС і перадухіліць магчымы негатыўны ўплыў на навакольнае асяроддзе», – паведамілі беларускія энергетыкі.

Адмысловую стратэгію датычна адкідаў са станцыі Савет Міністраў ухваліў яшчэ два гады таму. Згодна з ёю нізка- і сярэднеактыўныя адкіды будуць захоўваць на станцыі цягам 10 гадоў, а пасля перамяшчаць у сховішча. Высокаактыўныя – застануцца на тэрыторыі АЭС на ўвесь тэрмін эксплуатацыі, 60 гадоў.

«Ва ўсім свеце набудавалі атамных станцыяў, блізка да пяцісот. Ну а куды дзяваць адкіды? Ніхто не ведае. Ніводная краіна свету не можа развязаць гэтую праблему», – звяртае ўвагу фізік-ядравік Георгій Лепін.

Нейтралізаваць гэтыя адкіды пакуль немагчыма

Таму адзінае развязанне на сённяшні дзень – гэта магільнікі. Цягам 60 гадоў эксплуатацыі абʼём прагназаваных адкідаў Беларускай АЭС складзе амаль 10 тысяч кубаметраў. Знайсці месца для сховішча мусяць не пазней за 2023 год.

Паводле плану, будаўніцтва мае пачацца ў 2028-м. Палігон з магільнікам мае быць за дзясяткі кіламетраў ад паселішчаў, вольны ад забудоваў. Плошча можа быць супастаўляльнай з абшарам, які займае станцыя, мяркуе Зміцер Кучук з Партыі зялёных. Ён дадае, што магільнік моцна адабʼецца на прылеглых тэрыторыях.

Праблемы, праблемы, яшчэ раз праблемы…

«Ніхто ў нас не будзе купляць сельскагаспадарчыя харчы, выгадаваныя каля радыеактыўнага магільніку і атамнай станцыі. Ніхто не паедзе да нас на Нарач, на нашыя курорты, якія існуюць у Беларусі, таму што там будзе магільнік і атамная станцыя», – з жалем прадказвае будучыню спадар Кучук.

Акрамя таго, на думку Кучука, Беларусь не можа пахваліцца ўзроўнем і колькасцю адмыслоўцаў для працы з адкідамі.

І калі адкіды застануцца на тэрыторыі нашай краіны, то адпрацаванае ядравае паліва будуць дастаўляць на перапрацоўванне ў Расею. Транспартаваць будуць чыгункай, і прадстаўнікі БелАЭС абяцаюць, што тэхналогія – адладжаная і бяспечная. Адладжанай мелася быць і тэхналогія транспартавання з Расеі новага корпусу рэактара, але пры гэтым яго зачапілі за чыгуначны слуп.

Таццяна Рэут, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары