Работнікі МТЗ кралі з заводу з дапамогай смеццявозу


Упраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі сталічнай міліцыі затрымала работнікаў Менскага трактарнага заводу, якія кралі з прадпрыемства дарагое абсталяванне.

Каб яго вывесці, майстар цэху дамовіўся з ахоўнікам і кіроўцам заводскага смеццявозу.

Першы кантраляваў пагрузку, ахоўнік не замінаў вывазу крадзенага, а кіроўца смеццявозу па дарозе на звалку адхіляўся ад маршруту і выгружаў выкрадзенае ў месцы, дзе чакалі пакупнікі.

Паводле прэсавай службы менскай міліцыі, усяго за адзін раз у машыне пад слоем смецця з тэрыторыі заводу вывезлі больш за 5 тонаў вырабаў з каштоўных металаў.

Агульны кошт стратаў заводу ацанілі ў суму больш за Br 60 тысячаў. Гэта крадзеж у асабліва буйным памеры, міліцыя завяла адпаведную крымінальную справу. Супрацоўнікаў заводу затрымалі, яны цяпер у ізалятары часовага ўтрымання.

ДД

Стужка навінаў