Рабочы «Гомсельмашу»: Да новага года хочуць звольніць 5 тысяч чалавек


«Гомсельмаш» прымушае працаўнікоў браць 4-6 дзён адпачынку за свой кошт і хавае 10 тысяч камбайнаў, якія не можа прадаць. Адзін з працаўнікоў распавёў пра жорсткую палітыку завода.

«Гомсельмаш» – адно з найбольшых прадпрыемстваў гораду над Сожам часова прыпыняе працу. Рабочых завода ў прымусовым парадку прымушаюць пісаць заявы аб сыходзе ў адпачынак за свой рахунак з пятага па восьмага снежня. Існуе верагоднасць, што прадпрыемства не будзе працаваць таксама ў сярэдзіне і напрыканцы снежня. Пра гэта нам паведамілі працаўнікі прадпрыемства.

«На месяц загадваюць ад чатырох да шасці дзён пісаць па асабістым жаданні за свой рахунак. Некаторыя цэхі пераводзяць наагул на чатырохдзённы працоўны тыдзень. А таксама ставяць нам заробкі на дзве трэція стаўкі», – распавядае «Белсату» адзін з рабочых.

Наколькі апісаная сітуацыя адпавядае рэчаіснасці? Афіцыйна атрымаць каментар ад намесніка дырэктара Холдынгу па ідэалагічнай працы не атрымалася.

«Сёння хіба што яго дакладна не будзе. А з пятага па восьмага ён у адпачынку за свой кошт. Таму толькі дзявятага», – кажа прадстаўніца «Гомсельмашу»

Выпадковасць ці заканамернасць у тым, што намеснік у адпачынку за свой кошт у тыя самыя тэрміны, што і іншыя рабочыя – не вядома. Але вядома, што сур’ёзныя праблемы на «Гомсельмаш» узніклі яшчэ летась. Нягледзячы на тое, што попыт на прадукцыю завода стаў імкліва змяншацца, надалей прымаліся рашэнні аб павелічэнні вытворчасці. Паводле адкрытых звестак цягам 2013 года «Гомсельмаш» выпусціў 1031 зернеўборачны камбайн. Сёлета яшчэ створана 235 машын. Колькі з гэтага прададзена – не вядома. Але рабочыя завода называюць свае падлікі.

«На тэрыторыі завода знаходзіцца больш за дзесяць тысячаў камбайнаў, якія не пускаюцца ў эксплуатацыю, якія ніхто не набывае. Акрамя гэтага пайшло такое палажэнне, што да Новага года патрэбна звольніць пяць тысячаў ІТР», – працягвае рабочы.

Са свайго боку дзяржава нібы дапамагае. Праўда, па-свойму. Замест таго, каб рэфармаваць, працягвае пампаваць грошы. Для «Гомсельмаша» «Беларусбанк» сёлета выдзеліў крэдыт у валюце, эквівалентны 500 мільярдаў рублёў. Праўда, на фоне адсутнасці продажу, выглядае, што грошы проста былі праедзеныя.

Стужка навінаў