«Пытанне АЭС – палітычнае». Сямашка пра спрэчкі з Літвой


Беларусь не пераканала Літву ў бяспецы сваёй АЭС цягам шасці гадоў, і хоча зрабіць гэта цягам наступных чатырох дзён.

Паводле намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Сямашкі, Беларусь «гатовая даказваць суседзям, што БелАЭС – абсалютна бяспечная сучасная станцыя, якая патрэбная Беларусі».

Сямашка кажа, што больш за ўсё прэтэнзіяў да Беларусі прад’яўляецца ў сувязі з нібыта няправільна абранай пляцоўкай пад станцыю.

«Але ж выбар – гэта захаванне больш за 110 умоваў: каб маршруты міжнародных авіялініяў ня прылягалі да станцыі, быў пэўны грунт пэўны ды іншыя», – цытуе намесніка кіраўніка ўрада «Інтэрфакс».

«Мы пачыналі з 82 пляцовак, якія маглі быць прынятыя пад будаўніцтва станцыі. Потым мы дайшлі да адзінаццаці. Потым мы абмежаваліся трыма – двума ў Магілёўскай вобласці і адной у Гарадзенскай, – сказаў Сямашка. – У рэшце рэшт, па сукупнасці станоўчых фактараў выбралі пляцоўку ў Астраўцы. Яна абсалютна адпавядае ўсім патрабаванням для будаўніцтва атамнай станцыі».

Паводле Сямашкі, Беларусь мае намер паставіць кропку ў спрэчках з Літвой падчас 7-й сесіі Нарады бакоў Канвенцыі Эспа, якая праходзіць у Менску 13–16 чэрвеня.

«Думаю, што гэта нарада нарэшце можа паставіць кропку над і ў гэтым абсалютна надуманае спрэчцы. І мы будзем нармальна, спакойна працаваць далей», – адзначыў намеснік прэм’ер-міністра.

Дэпутат літоўскага Сейму ў размове з «Белсатам» прызнаўся, што літоўцам ад БелАЭС – «проста страшна».

«На жаль, ёсць пытанні. Я лічу, ня столькі пытанні тэхнікі, бяспекі. Больш гэта палітычнае пытанне, надуманае», – сказаў Сямашка.

Доказ бяспечнасці станцыі – адна з умоваў пацяплення стасункаў з Беларуссю не толькі з боку Літвы, але і ўсяго ЕЗ.

Беларусь наведаў шэраг міжнародных інспекцыяў якія праверылі выкананне міжнародных стандартаў пры будаўніцтве станцыі.

Сямашка кажа, што прэзідэнт МАГАТЭ адзначыў, што з 32 краін, якія ідуць па шляху стварэння атамнай энергетыкі, найвышэйшыя стандарты ў будаўніцтве АЭС – у Беларусі і Саудаўскай Аравіі.

ДД

Глядзі таксама
Каментары