Пётр Машэраў і Кастусь Каліноўскі маюць свае старонкі ў сацыяльнай сетцы беларускіх герояў


«Мы вельмі шмат часу бавім у розных сацыяльных сетках, праглядаем старонкі людзей, якія не вартыя таго, каб на іх марнавалі час. Дык чаму б не прысвяціць час людзям, якія вартыя гэтага?», – заяўляюць распрацоўнікі інтэрнэт-праекту, якія папулярызуе звесткі пра выбітных беларусаў.

Праект «Беларускія героі» – гэта сэрвіс у выглядзе сацыяльнай сеткі, дзе вядомыя постаці беларускай гісторыі маюць свае акаўнты. Аўтары ідэі зазначылі, што інтэрнаўтам будзе лёгка і зразумела карыстацца сайтам, які нагадвае папулярную сацсетку «УКантакце», бо туды яны заходзяць штодзённа.

«Мы робім гэта не за грошы, у нас няма ніякіх палітычных мэтаў, мы проста робім тое, што нам падабаецца», – заўважаюць распрацоўнікі рэсурсу.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

У сэрвісе ў храналагічным парадку пададзеныя самыя важныя падзеі з жыцця беларускіх герояў у выглядзе допісаў, якія самі карыстальнікі робяць у сваіх акаўнтах. На старонках вядомых беларусаў ёсць гістарычныя здымкі, а на інтэрактыўнай мапе ўказаныя месцы, звязаныя з гэтымі асобамі. Апрача гэтага, рэсурс прапаноўвае дадатковыя цікавыя факты, звязаныя з выбітнымі беларусамі: называе паселішчы, дзе ёсць вуліцы ў іх гонар; стыпендыі і ўзнагароды іх імені; цытаты і гэтак далей.

Да прыкладу, у акаўнце Уладзіміра Мулявіна значыцца, што ягоны гурт «Песняры» быў першай групай з Савецкага Саюзу, якая выступіла ў ЗША. Амерыканская прэса назвала гэты калектыў групай, «якая заслужыла, каб ёй апладыравалі, стоячы».

«Нас цікавяць людзі, якія не проста гарлапанілі на кожным куце «Жыве Беларусь!», а рэальна нешта рабілі для таго, каб Яна жыла. Мы можам параўноўваць свой лёс з іх лёсам, паглядзець, што ў нашым узросце яны ўжо шмат чаго дасягнулі альбо нічога не дасягнулі, і ў іх усё яшчэ наперадзе. Мы можам даведацца, што ніколі не позна змяніць сваё жыццё, што магчыма пачаць усё спачатку. Кожны з нас можа стаць героем незалежна ад узросту, полу, матэрыяльнага становішча і фізічнага стану. Трэба працаваць і думаць не толькі пра сябе, але і пра людзей. Як кажуць: «Працуй пільна – і тут будзе Вільня», – заўважаюць аўтары рэсурсу.

Сярод гераічных асобаў, прадстаўленых у сэрвісе, знаходзяцца аўтар першай беларускай граматыкі Браніслаў Тарашкевіч, паэтка Ларыса Геніюш, прэм’ер-міністр БНР Вацлаў Ластоўскі, кіраўнік вызвольнага паўстання Кастусь Каліноўскі ды папулярны ў свой час першы сакратар Камуністычнай партыі Беларусі Пятро Машэраў.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Пакуль толькі 28 гістарычных постацяў маюць свае акаўнты. З гэтай прычыны Кастусь Каліноўскі мае, да прыкладу, пазначанымі толькі двух інтэрнэт-сяброў – Францішка Багушэвіча і Напалеона Орду. Праваслаўная святая Еўфрасіння Полацкая, паводле сэрвісу, сябруе толькі з Францішкам Скарынам і каталіцкім ксяндзом Адамам Станкевічам. Адзін з самых папулярных профіляў – старонка Янкі Купалы. З паэтам сябруе ажно 14 іншых асобаў.

Аўтары адзначаюць, што карыстальнікі самі могуць прапанаваць выбітных асобаў, акаўнт якіх варта зрабіць у сэрвісе, ды заклікаюць далучыцца да праекту праз дапамогу ў зборы інфармацыі. Зарэгістраваўшыся на belarusianheroes.com, карыстальнікі змогуць спампоўваць інфармацыю пра герояў для напісання рэфератаў, дакладаў, сачыненняў і атрымліваць навіны ды абнаўленні праекту на сваю электронную пошту.

У будучыні распрацоўнікі мяркуюць дадаць яшчэ больш магчымасцяў на сайце ды распрацаваць жыццяпісы іншых выбітных людзей: Яна Пазняка, Тадэвуша Касцюшкі, Барыса Кіта і іншых.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў