Пылавое пекла: дарогу пасыпалі шлакам, людзі год дыхаюць забруджаным паветрам


Пыл, які не дае спакою ні на дварэ, ні ў хаце. Ад яго ўжо год як пакутуюць жыхары вуліцы Партызанаў у Жлобіне. Летась камунальнае прадпрыемства «Уніком» праклала тут ліўневую каналізацыю, чым моцна сапсавала жвіроўвую дарогу ля жылых дамоў.

«У мінулым годзе яны перакапалі ўсё, паднялі гліну на верх, потым людзі пачалі скардзіцца, і яны засыпалі гэтай гадасцю з заводу», – распавядае мясцовы жыхар Мікалай Мазанік.

«Гадасць» – гэта адкіды Беларускага металургічнага заводу. На выгляд – маленькія каменьчыкі, падобныя да галькі, але ў адрозненне ад яе – штучныя і шкодныя для здароўя.

І такі пласт пылу – дэманструюць мясцовыя жыхары – утвараецца літаральна за дзень.

Тая ж праблема – і на суседняй вуліцы Воўкава. Тут таксама – шчыльна зачыненыя вокны нават у летнюю спёку. Што праўда, адкіды вапнавай вытворчасці тут з’явіліся яшчэ 20 гадоў таму.

«Пасыпку зрабілі з БМЗ-мкага шлаку, а ён, дарэчы, вельмі радыеактыўны. Плюс пастаянна пыл. «Уніком» спрабуе тут паліваць вадою, але гэта літаральна на гадзіну», – кажа жыхар вуліцы Воўкава Генадзь Бобрыкаў.

Найбольш жыхароў вуліцаў са шкоднымі адкідамі непакояцца пра дзяцей, якія ўлетку выходзяць гуляць на двор і дыхаюць небяспечным рэчывам.

На ўсе скаргі жыхароў чыноўнікі адказваюць проста: няма грошай. Адзіны высілак – паліванне дарог вадою, але і гэта – час ад часу. Плёну не прынесла і скарга да мясцовага дэпутата.

«Калі просяць, галасуйце за іх – абяцаюць залатыя горы. А як схопяцца за гэтае крэсла дэпутацкае, абяцанні забытыя і нічога не трэба», – кажа Віктар Стрыгалёў, мясцовы жыхар.

Замест жа залатых гораў гэтыя жлобінцы атрымалі шкодныя рэчывы проста ля хатаў.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары