Пяць прывідаў Горадні або дзе шукаць сабе прыгодаў у ноч на Дзяды


Калі раптам у таямнічую ноч на 31-е кастрычніка Вы апынуліся ў Горадні і шукаеце сапраўдных «дрыжыкаў», прапануем вашай увазе некалькі месцаў, дзе жывуць гарадзенскія здані.

Прывід караля

Гісторыю пра прывід караля Стэфана Баторыя, які ўначы з’яўляецца на Савецкай плошчы, можна не раз пачуць з вуснаў гарадзенскіх экскурсаводаў. Паходзіў Стэфан Баторый з Трансільваніі, князем якой быў Улад ІІІ Цэпеш, сусветна вядомы як Граф Дракула.

Вуліца Савецкая ў Горадні

Аднак сам Стэфан Баторый асаблівай крыважэрнасцю не вызначыўся. Гісторыкі яго ўзгадваюць, як добрага караля Рэчы Паспалітай і ВКЛ, тлумачыць адзін з гарадзенскіх экскурсаводаў.

«Ходзяць чуткі, што ў Горадню ён «уцёк» ад сваёй 53-х гадовай старой жонкі, з якой мусіў ажаніцца дзеля кароны. Горадню ён зрабіў сваёй рэзідэнцыяй. У Фары Вітаўта, якая знаходзілася раней на Савецкай плошчы, (той самай, дзе нібыта з’яўляецца прывід), цягам паўгода праляжаў труп памерлага караля.

Шмат хто не верыў у натуральную смерць Стэфана Баторыя і, таму было вырашана правесці першае на тэрыторыі Усходняй Еўропы анатамічнае ўскрыццё каралеўскіх парэшткаў. Стэфан Баторый завяшчаў пахаваць яго ў Горадні, а недаверлівыя прыдворныя, відаць, яшчэ паўгода вырашаліся, што рабіць з целам. Караля ўсё ж перавезлі на кракаўскі Вавэль у кампанію да іншых манархаў Рэчы Паспалітай. Відаць, ён так любіў сваю рэзідэнцыю, што ягоны дух па сённяшні дзень вяртаецца ў Горадню», – кажа экскурсавод.

Полтэргейст «Чырвонай зоркі»

Сярод мясцовых бытуе яшчэ адна чутка пра прывід кінатэатру «Чырвоная зорка». На разбіццё шклянак і кілішкаў «з невядомай прычыны» у першую чаргу скардзяцца бармены бара «Чарлі», які некалькі гадоў таму быў пабудаваны на другім паверсе старога будынку. Галоўны тэхнічны інжынер, які 41 год адпрацаваў у кінатэатры, на пытанне пра полтэргейст адмоўна пакруціў галавай, аднак за час ягонай шматгадовай працы невытлумачальныя рэчы ўсё ж такі здараліся. Вось такую гісторыю ён узгадае ў размове з намі:

Кінатэатр, у якім адбываюцца містычныя гісторыі

«Мне калісьці распавядалі гісторыю, якая здарылася ў 1970-х.

Супрацоўнікі кінатэатру проста стаялі і палілі, жартавалі паміж сабой цэлай кампаніяй. Узгадвалі заснавальніка кінатэатра. Казалі паміж сабой: «Не можа быць, што ён нас не чуе». І пачалі гукаць: «Штабс-капітан Манастырскі, ты нас чуеш!?». І тут раптам; «БА-БААХ!».

У той самы момант фрамуга ад фортачкі падае. Яны адразу з’ёжыліся. Не зразумелі, што адбылося. Усе дзяўчынкі з адукацыяй і дырэктар-метадыст. Фрамуга добра заўсёды трымалася».

Сам кінатэатр штабс-капітан Манастырскі пабудаваў у 1914-м годзе, назваў яго «Эдэм», аднак аніводнай кінастужкі паказаць яму так і не давялося. Перад адкрыццём выбухнула вайна і яму давялося адправіцца на фронт.

У 1970-я гады было і яшчэ адно здарэнне.

«Да нас прыехала КДБ. І пачалі шукаць тут нейкі радыёпрымач. Усё аблазілі, паўсюды і ўсюды. Але з’ехалі, канешне, ні з чым. А я ранкам прыходжу. Мая радыёсістэма, якая стаіць за дынамікамі, перадае радыё «Маяк»! Я, як электрык, разумею, што ўсё можна адключыць. Ну дык я і адключыў. А яно далей гаворыць ва ўсю!

Яны тады не зайшлі нічога, але нейкі наводчык усё роўна тут ёсць. Што гэта, як гэта растлумачыць, не ведаю. Потым, калі мы змянілі апаратуру ўсё гэта знікла», – кажа шматгадовы працаўнік кінатэатру.

Добры дух лялечнага тэатру

Для артыстаў Гарадзенскага лялечнага тэатру прывід – не легенда, а рэальная з’ява, з якой за дзясяткі гадоў працы, яны паспелі добра зжыцца і нават пасябраваць. Спадарыня Н, якая тэатру прысвяціла 34 гады жыцця, распавядае сваю гісторыю «знаёмства» з прывідам:

Гарадзенскі лялечны тэатр

«Пра прывід я чула, калі прыехала сюды працаваць. Маладзенькая была. Калісьці былі ў нас яшчэ маленькія старыя грымёрачкі, такія вузенькія, больш на келлі падобныя. Бывала сядзіш. Цішыня. Ведаеш, што нікога няма.

Толькі на вахце сядзіць вахцёр і ты – далёка, у сваёй грымёрцы. І раптам чуеш – нейкія гукі. «Туп, туп, туп!» Прыціснешся, прыціхнеш трошачкі. Дзесьці дзверы так: «Стук! Ляп!». І разумееш, што гэта ўжо той дух ходзіць».

Гарадзенскаму лялечнаму тэатру болей за 250 гадоў. Пры ўсіх зменах дзяржаўных і гістарычных ён заставаўся тэатрам. Пасля невытлумачальных з’яваў заклапочаныя артысты сталі капацца ў архівах будынку і знайшлі, што ў царскія часы ў адной з грымёрак жыў артыст, які цярпеў ад безадказнага кахання. Сэрцавых пакутаў юнак не вытрымаў і павесіўся.

«Ці яго гэта дух, ці гэта проста дух тэатрк?», – разважае ўслых спадарыня Н.

Здань паштальёна-ашуканца

Другі гарадзенскі полтэргейст – гэта раён вёскі Пярэселка. Яго гісторыю распавядае гарадзенская экскурсавод Ганна, якая сама ёспрабавала адшукаць здань ці нейкія дзіўныя здарэнні, звязаныя з полтэлгейтам.

Пярэселка

«У архівах ёсць звесткі, што ў канцы ХІХ ст. тут павесіўся гарадскі паштальён. Я чула, што ён быў ашуканцам, накраў шмат грошай, быў таксама па вушы ў даўгах. У выніку не вытрымаў і павесіўся.

На ягонай магіле ляжыць камень, які, колькі яго не перасоўвай, заўсёды вяртаецца на тое, месца, дзе ляжыць цела гэтага паштальёна. Каменя я таго не знайшла, але думаю, што ўсё роўна ноччу лепш у Пярэселку не хадзіць».

Самі мясцовыя жыхары Пярэселкі, існаванне полтэргейста не пацвердзілі і амаль што пасля майго пытання пакруцілі пальцам ля сківіцы.

Белая Дама

Месцазнаходжанне прывіду Белай Дамы – былы кляштар манахіняў базыльянак. У савецкія часы там мясціўся музей рэлігіі і атэізму, зараз тут гарадзенская Раства-Багародзіцкая царква і праваслаўны жаночы манастыр.

Белая Дама – самы вядомы гарадзенскі прывід, які пісьменнік Аляксей Карпюк увекавечыў на старонках сваёй аповесці.

Раства-Багародзіцкая царква і праваслаўны жаночы манастыр

У сваім творы ён стварыў незвычайную, поўную прыгодаў гісторыю жыцця сярэднявечнай няшчаснай жанчыны, шляхцянкі, якой даў імя Кацярына Валковіч. У кляштар небарака падалася, таму што забіла свайго мужа, які сілком яе выкраў, прымусіў узяць з ім шлюб і да канца жыцця над ёй здзекаваўся.

Улічваючы, што Аляксей Карпюк на працягу шмат якіх гадоў працаваў у музеі рэлігіі і атэізму, нічога не заставалася, як задаць сабе пытанне, наколькі яго вобраз праўдзівы. Ніна Іванаўна, якая ў 1980-х працавала з Аляксеем Карпюком завярае, што ўся ягоная гісторыя – мастацкі прыём і абсалютная выдумка. Але разам з тым запэўнівае, што… прывід сапраўды існуе.

ПВ, belsat.eu

Стужка навінаў