Пяць недарэчных помнікаў у Віцебску. Нават тым, хто проста праязджаў праз горад!


Віцебск перажывае сапраўдны бум на новыя помнікі. Некаторыя з іх выклікаюць здзіўленне ці нават спрэчкі. Belsat.eu сабраў пяць самых дзіўных скульптураў, якія з’явіліся ці неўзабаве зʼявяцца ў горадзе.

Помнік Аляксандру Пушкіну

Усталяваны ў далёкім 1989 годзе, але і цяпер, бадай, самы супярэчлівы ў горадзе. Якім жа чынам славуты расейскі паэт звязаны з самым паўночным абласным цэнтрам Беларусі? Адказ на гэтае пытанне змешчаны побач з самім помнікам.

Аказваецца, Пушкін ажно два разы прыязджаў праз горад – у 1820 і 1824 гг.

Патрыярх Алексій ІІ

Помнік Алексію ІІ

Наступны помнік таксама ўсталяваны чалавеку, які любіў праязджаць праз горад. Як ні дзіўна – таксама расейцу. Адзін з такіх візітаў запомніўся частковым перакрыццём трасы Полацк – Віцебск.

Доўгі час гатовы помнік стаяў на падворку Віцебскай епархіі, пакуль зацікаўленыя асобы не атрымалі дазвол на ўсталяванне побач з Успенскім саборам. Быў адкрыты 7 красавіка 2013 года.

Помнік Неўскаму – «Аляксандр Неўскі са сваёй сямʼёй»

Помнік Неўскаму ў Віцебску

Расейскі князь адзначыўся тым, што ў свой час пабраўся шлюбам з Віцебскай княжной Аляксандрай. І на гэтым усё. Ці вартая такая прычына, каб усталяваць помнік, – вырашайце самі.

Помнік запомніўся і тым, што выклікаў гарачыя спрэчкі сярод гісторыкаў і жыхароў гораду. Як вынік, помнік усё ж такі паўстаў у 2016 годзе, хаця сама ідэя зʼявілася яшчэ ў 2009.

Помнік княгіне Вользе

Паводле першапачатковага праекту помніка, Вольга павінная была плыць на чоўне з трыма ваярамі. Ззаду яе сядзяць тры воіна. Падчас разгляду праекту мастацкай радай Мінкульту чыноўнікі заўважылі, што ў такім выглядзе манумент практычна цалкам капіюе кіеўскі помнік Лыбедзі і яе братам Кію, Шчаку і Харыва. У выніку Вользе давялося перасесці ў цэнтр ладдзі. Фота – Сяржук Серабро/Народныя навіны Віцебска

Пра ідэю ўсталяваць помнік княгіні Вользе гараджане даведаліся ў 2009 годзе. Доўгі час задума не рэалізоўвалася праз адсутнасць грошай, а калі грошы знайшлі – зноў пачаліся спрэчкі. Жыхары гораду нават арганізавалі збор подпісаў пад петыцыяй супраць помніка Вользе. Аднак нядаўна прыйшоў адказ на петыцыю з Віцебскага гарвыканкаму – помніку быць.

Здаецца, знакавая асоба для Віцебску, якая па водле легенды ўпадабала ўзгоркі ля ўпадзення Віцьбы ў Заходнюю Дзвіну ды вырашыла пабудаваць на гэтым месцы горад. Легенда прыгожая, але гісторыя зусім іншая: княгіня памерла ў 969-м годзе, а Віцебск упершыню згадваецца толькі ў 974-м. Гісторыкі аспрэчваюць «казку» – Вольга не магла заснаваць горад пасля сваёй смерці.

Помнік Фёдару Махнову

Скульптура віцебскага волата вышынёй 320 сантыметраў зʼявіцца ў Віцебску напярэдадні Дня гораду. Кошт новай турыстычнай кропкі – 74 776 рублёў 88 капеек. Адзначаецца, што грошы на помнік былі заробленыя на гарадскіх суботніках.

У гэтым месцы мае паўстаць помнік Фёдару Махнову

Яшчэ ў 2012 годзе стала вядома пра планы ўсталяваць помнік Фёдару Махнову як самаму высокаму чалавеку ў свеце – паводле гістарычных звестак, ягоны рост складаў 285 сантыметраў.

Усталяваць помнік збіраліся на чыгуначнай станцыі Старое Сяло, побач з якой некалі месціўся хутар Касцюкі, дзе Махноў нарадзіўся.

Віктар Старавойтаў, belsat.eu

Стужка навінаў