Пяць міфа-фактаў пра Каліноўскага: як гераічную постаць «перараблялі» на свой лад


Сёння спаўняецца 180-я гадавіна з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага. Вакол ягонай асобы гісторыкі нястомна вядуць спрэчкі вось ужо больш за сто гадоў. За гэты час сама асоба чалавека пераўтварылася ў міф. Якія факты за сто год міфалагізаваныя? Як выкарыстоўвалі міф Каліноўскага ў сваіх мэтах пры савецкай уладзе і пад час вайны? Ці сапраўды Каліноўскага звалі Кастусём? Belsat.eu прадстаўляе пяць малавядомых фактаў пра Каліноўскага.

На Лукішках Каліноўскі не пахаваны!

Першыя крокі ў міфалагізацыі асобы Каліноўскага былі зробленыя самімі прадстаўнікамі царскай улады ў Паўночна-заходнім краі. Экзекуцыю яны пераўтварылі ў сапраўднае шоу, раструбіўшы па Вільні ды ваколіцах, што будзе павешаны «канавод мяцежу». У сваю чаргу Каліноўскі сам «паддаў жару», стоячы на эшафоце. Ён пастаянна перабіваў службоўцу, які чытаў вырак, стараўся звяртацца да прысутных людзей, а калі яго назвалі «дваранінам», дык ён выкрыкнуў у натоўп «У нас дваранаў няма – усе роўныя!».

Шмат хто зараз не ведае, дзе ж тады, пасля экзекуцыі, было пахавана цела Каліноўскага. Многія лічаць, што адразу на Лукішскім пляцы, але гэта не так.

Адразу, пасля экзекуцыі, цела Каліноўскага была пахаванае непадалёк ад шыбеніцы. Але, з надыходам цемры, цела была зноўку выкапанае і перапахаванае на гары Гедыміна. У той час там размяшчаўся вайсковы гарнізон. Цела засыпалі вапнай, а пазней на тым месцы зрабілі пляцоўку для крыкету.

Гэта было зроблена, каб віленчукі не мелі доступу да магілы Каліноўскага ды іншых паўстанцаў, якіх хавалі на тэрыторыях гарнізонаў. Царскія ўлады добра памяталі экзекуцыі і падзеі пасля іх у 1831 і 1839 гг., калі ў паўстанцаў «Лістападаўскага» паўстання ды хаўруснікаў Шымана Канарскага на магілах нават узімку ляжалі жывыя кветкі.

Каліноўскага звалі не толькі Кастусём!

Але сапраўдным першым міфатворцам стаў Вацлаў Ластоўскі, які фактычна і зрабіў з Каліноўскага агульнанацыянальнага героя, рыцара ў ззяючых даспехах, заступніка пакрыўджаных несправядлівасцю.

Публікацыя Ластоўскага выйшла ў 1916 годзе ў выданні «Гоман». Артыкул меў назву «Памяці справядлівага». Ластоўскі піша: «Многа гадоў праляжала ў мяне ў скрытнай схоўцы пачка папераў, з каторых адрыўкамі хачу цяпер падзяліцца са сваім грамадзянствам. Паперы гэтыя – ніклая памятка па згінуўшым барцу за беларускае адраджэнне с. п. Касцюку Каліноўскім…»

У часы Каліноўскага падвойныя імёны былі звычайнай з’яваю. Вацлаў Ластоўскі вырашыў спрасціць доўгае «Вікенцій Канстанцін Каліноўскі» ў «Касцюка Каліноўскага», а потым і ў Кастуся Каліноўскага, з дапамогай гісторыкаў часоў беларусізацыі. Хіба Кастусь гучала больш мілагучна, чымся Вікенцій Канстанцін, для той вялікай колькасці беларусаў, у якіх толькі фармавалася ў свядомасці ідэя аб стварэнні ўласнай гісторыі і незалежнай краіны. Аднадумцы-гісторыкі падхапілі ідэю і міф, што Каліноўскага звалі Кастусём жыве па сённяшні дзень.

Сацыяліст Каліноўскі з шабляй у руцэ

У часы беларусізацыі (1920-я гады), якая праходзіла на тэрыторыі Савецкай Беларусі, Каліноўскі ўвогуле становіцца беларускім сацыялістам! Антырасейскі аспект і паўстання, і дзейнасці Каліноўскага пачаў замоўчвацца, таму паказваўся толькі антыцарскі.

Беларускі герой, які змагаўся за наданне зямлі сялянам ды супраць царызму вельмі добра пасаваў тагачаснай ідэалогіі. Гісторыкі пачынаюць вырываць з кантэксту цытаты хаўруснікаў Каліноўскага, дзе гаворыцца аб наданні зямлі сялянам і знішчэння шляхты, як класа.

Паэт-сацыяліст Алесь Дудар увогуле згадвае Каліноўскага, пішучы верш пра «Савецка-Польскую» вайну ды гразіцца палякам вобразам Каліноўскага:

Не сягоння было і не ўчора…

Ой, ды з раніцы плакалі гуслі…

Вандравала ліхое гора,

вандравала ў палёх Беларусі.

Госць няпрошаны, госць нязваны

нашы нівы таптаў нагой.

Помняць, помняць яшчэ партызаны

дзевяцьсот дваццаты год…

Не сягоння было і не ўчора,

бо сягоння загоены раны.

Ты не плач, Наваградскае ўзгорʼе,

не журыся тугой саматканай:

кінуў дзень залатыя кроплі

над заводам, над полем, над лугам…

Кастуся Каліноўскага покліч

сёння зноў –

ад Вяллі да Буга.

На гэтай хвалі ў 1928 годзе выходзіць фільм Уладзіміра Гардзіна пад назвай «Кастусь Каліноўскі». У фільме Каліноўскі з шабляю ў руках б’ецца з польскімі панамі ды з прадстаўнікамі царскага ўраду, якія здзекуюцца над беларускімі сялянамі. Праўда, у часы згортвання «беларусізацыі» прыбіраюць і Каліноўскага з пантэону сацыялістычных герояў: у сталінскія часы бунтары былі непатрэбныя.Савецкі гісторык Самуіл Агурскі заявіў, што паўстанне праходзіла пад польскімі шавіністычнымі лозунгамі, а Каліноўскі быў «міфічным героем».

«Каліноўцы» былі і ў ІІ Сусветнай вайне

 

«Каліноўцамі» цяпер прынята называць ці ўдзельнікаў паўстання, ці студэнтаў навучальнай праграмы пры падтрымцы ўраду Польшчы. Аднак, «Каліноўцы» былі і ў часы ІІ Сусветнай вайны. Пры чым, што з Савецкага боку, так і з антысавецкага.

У перыяд з 1943 па 1944 гады на тэрыторыі Беласточчыны і Гарадзеншчыны найбольш актыўным партызанскім злучэннем была брыгада імя Кастуся Каліноўскага. Пад кіраўніцтвам камбрыга Вайцяхоўскага, партызанская брыгада правяла вялікую колькасць дыверсіяў супраць войск Гітлера. У гэтым злучэнні прымаў удзел і выдатны беларускі пісьменнік – Аляксей Карпюк.

У асяродку антысаветчыкаў таксама былі свае «Каліноўцы» – партызанскія атрады, якія ствараліся з дазволу нямецкага камандавання з лета 1944 году і пры падтрымцы Беларускай Незалежніцкай Партыі.

Такія атрады павінны былі быць дэсантаваныя на тэрыторыю Беларусі і весці там партызанскую барацьбу. Адзін з атрадаў антысавецкай арганізацыі «Чорны кот», што дзейнічала ў пасляваенны перыяд пад кіраўніцтвам Міхала Вітушкі, таксама быў названы ў гонар Каліноўскага.

Цікава, што і савецкія партызаны, і антысаветчыкі, лічылі, што змагаюцца з акупантам сваёй зямлі. Змагаюцца пад лозунгам «за нашу і вашу свабоду».

Каліноўскі не быў «мясніком» і не лінчаваў праваслаўных

З надыходам перабудовы, акрамя нацыянальных гісторыкаў, пачалі з’яўляцца заходнерусісты. Прыхільнікам «расейскага свету» Каліноўскі стаў косткай упоперак горла. У супрацьвагу Каліноўскаму яны ўзялі графа Мураўёва, якога называюць таленавітым адміністратарам, які пагасіў мяцеж.

За апошнія 10 год з асобай Каліноўскага паспелі пазмагацца Якаў Трашчанок у падручніку па гісторыі за 10 клас 2008 года выдання, дзе аўтар паказвае Каліноўскага наступным чынам: «Па этнічнай самаідэнтыфікацыі, ён быў безумоўна палякам і ніколі не называў сябе беларусам«. Ніякіх абʼектыўных падстаў ператвараць В. Каліноўскага ў «нацыянальнага героя беларускага народа» не існуе».

Сталы аўтар нашумелага антыбеларускага сайта «Regnum» – Аляксандар Гронскі таксама стварае вобраз Каліноўскага, як польскага тэрарыста ў сваёй працы «Канструяванне героя: Кастусь Каліноўскі». Даследчык мяркуе, што Каліноўскі выкарыстоўваў сялянаў для дасягнення ўласных мэтаў, ненавідзеў рускіх і заклікаў забіваць праваслаўных.

Цікава, што Гронскі не звяртае ўвагу на працы гісторыкаў, якія даўно даказалі, што сярод удзельнікаў паўстання было каля 40 % праваслаўных. У міжваенны перыяд Ян Пазняк даказаў, што на баку паўстання таксама было шмат праваслаўных святароў і звяртаўся да польскіх уладаў з просьбай ушанаваць іх памяць.

Не быў Каліноўскі і «мясніком». Ён ставіўся да жыццяў людзей з павагай і не хацеў лішніх ахвяр. Пра гэта сведчыць яго тлумачэнне, напісанае ў вязніцы: «У сваёй свядомасці я злачынец не па перакананні, але па збегу абставін, а таму хай і мне будзе дазваляльна суцяшаць сябе надзеяй што ўзновіцца народнае дабро. Дай Бог толькі каб для дасягнення гэтага нашчадкі нашы не пралівалі лішняй братняй крыві».

Мікола Дзямідаў, belsat.eu

Стужка навінаў