Пятро Парашэнка: Гэта наша супольная перамога


Прэзідэнт сустрэў Надзею Саўчанку. Прамова кіраўніка краіны і ўкраінскай лётчыцы, якую сёння вызвалілі з расейскай турмы.

Падаем словы прэзідэнта ніжэй.

Доўгія 709 дзён перажывалі, маліліся, актыўна дзейнічалі, арганізоўвалі акцыі пратэсту для таго, каб адбыўся гэты сённяшні дзень. Гэты дзень, калі ва Украіну вярнулася Надзея, Надзея Саўчанка, і надзея і цвёрдая вера ў нашую перамогу. Так як мы вярнулі Надзею, так вернем і Данбас, так мы вернем і Крым пад украінскі суверэнітэт.

Надзея стала сімвалам, сімвалам гонару і няскоранасці, якой ёсць і Украіна. Такой якой ёсць украінская жанчына, якой ёсць афіцэр узброеных сілаў Украіны. Мы ўсе ганарымся тымі паводзінамі, якія прадэманстравала Надзея, будучы закладнікам Расеі агрэсара доўгіх 709 дзён.

А той, хто больш за ўсіх чакаў Надзею дома, – гэта мама і сястра. Цяпер магу ўжо сказаць, што гэта не першая спроба вярнуць Надзею. Апошняя дата, якая была прызначаная, – 22 траўня, дагэтуль было 18 траўня, было яшчэ шмат іншых датаў, якія ў выніку тых ці іншых акалічнасцяў не адбыліся. Але можна сказаць: гэта наша супольная перамога!

Хацеў бы падзякаваць за актыўны ўдзел і падтрымку ўсёй праўкраінскай кааліцыі ў свеце, лідарам дзяржаваў – канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель, прэзідэнту Францыі Франсуа Алянду, прэзідэнту ЗША Бараку Оўбаму, лідарам краінаў-сябраў ЕЗ, якія супольным рашэннем прымалі пазіцыі па накладанні санкцыяў на Расейскую Федэрацыю. Лідараў усіх краінаў: Польшчы, Літвы, Вялікай Брытаніі, Іспаніі, Італіі, усіх без выключэнняў, лідарам далёкай Аўстраліі і далёкай Японіі, якія выразна заяўлялі: Надзея Саўчанка мае вярнуцца дамоў.

Але гэта толькі пачатак. Бо мы чакаем павяртання дамоў Салашэнкі, Афанасьева, Сянцова, Кольчанкі і багата якіх іншых украінцаў, якія знаходзяцца зараз у закладніках як у Расейскай Федэрацыі, так і на акупаванай тэрыторыі. Вельмі прыемна, што цяпер Надзея далучыцца да гэтай барацьбы.

Я хачу абвесціць, што гэтыя крокі былі б немагчымыя без Менскіх дамоўленасцяў, дзе выразна пазначаны абавязак Расеі вызваліць усіх закладнікаў, якія (дамоўленасці) зʼяўляюцца змястоўнай часткай рашэння Рады бяспекі ААН і на базе якіх ужываюцца санкцыі супраць РФ.

Сёння на маіх старонках у сацыяльных сетках нарэшце зʼявіўся надпіс: «Ласкава запрашаем дамоў, Надзея!» Уся Украіна ды ўвесь свет цябе вітаюць. Дзякуй!»

Пасля прамовы кіраўніка краіны слова ўзяла ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка, вызваленая сёння з расейскай турмы. Ейныя словы:

«Слава Украіне!» Дзякуй маці, што дачакалася, дзякуй сястры, што ваявала, не было б у мяне такой сястры, я б была памерлая. Дзякуй народу Украіны ды ўсяго свету. Я вам скажу, што калі б народ не гаварыў, то палітыкі б нічога не рабілі. Напэўна сутнасць дэмакратыі ў тым, каб народ гаварыў і каб яго чулі, каб ён прымусіў чуць сябе.

Нас будуць чуць, таму што мы ўкраінцы. Мы за гэта клалі жыццё і не адно. І мы гэтага дасягнем, каб наш голас больш ніколі не заставаўся непачутым. Дзякуй усім хлопцам, якія памерлі за Украіну. Я прашу прабачэння, што я яшчэ жывая. Але я заўжды гатовая пайсці ў бой за Украіну, да пераможнага канца. Украіна мае права быць, быць, не зважаючы ні на чыю гнілую душу і хворую галаву. І мы будзем! Таму што мы ўкраінцы, таму што мы народ, таму што мы нацыя.

Я не стану гаварыць пра паганых людзей. Я не хачу перадаваць вам сваю лютасць, сваю злосць і сваю нянавісць. Я спадзяюся, што з часам з гэтых пачуццяў у мяне застанецца толькі мудрасць. Я не хачу, каб людзі хацелі вайны, хачу, каб людзі хацелі міру. Але, на жаль, мір магчымы толькі праз вайну. Бывае такі рубеж, пасля якога няма іншага шляху.

Вельмі добра ё, што ёсць Менскія дамоўленасці, вельмі добра, што яны будуць выконвацца, таму што мы зробім усё для таго, каб яны выконваліся. У першую чаргу я, хіба, хачу перадаць прывітанне расейцам і сказаць, што няма чаго баяцца, з каленяў трэба ўставаць! Я разумею, што гэта не тая краіна, якой з каленяў лёгка ўстаць. Але, калі яны таксама хочуць жыць у згодзе, як і мы, то ім трэба ўставаць з каленяў, а нам трэба не даваць ім прыйсці сюды. Не даваць ім прыйсці далей, чым яны сабе думаюць, што яны могуць. Будзем працаваць. Я буду працаваць над тым, каб вярнуўся кожны, хто ў палоне і яшчэ жывы, каб вярнуўся жывым. Каб як мага менш загінула. І будзем працаваць над тым, каб Украіна была моцнай, каб у нас ніколі не быў у забыцці народ. Для таго, каб украінцы мелі права быць украінцамі і годна жыць на сваёй зямлі. За Украіну! Украіна вышэй за ўсё!»

Пасля гэтых словаў Надзеі Саўчанцы ўручылі дзяржаўную ўзнагароду Украіны – званне Герою Украіны.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў