Пятая інаўгурацыя Лукашэнкі – упершыню ў Палацы незалежнасці

video

Клятва на Канстытуцыі – пяты раз. Лукашэнка заняў сваю старую пасаду кіраўніка краіны падчас інаўгурацыі, якая ўпершыню прайшла ў Палацы Незалежнасці.

Сёлетнюю цырымонію правялі традыцыйна – пад гукі фанфараў і з ганароваю вартай уздоўж дывановай дарожкі. Што праўда, гэтым разам кіраўнік краіны прайшоў ад картэжу да палацу без малодшага сына Мікалая.

ВАЛЕРЫЙ КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Ці апошняя гэта інаўгурацыя – сказаць цяжка. Адзінае, што можна сказаць, гэта тое, што сам Аляксандр Лукашэнка хацеў бы кіраваць краінай да канца свайго жыцця. Вось гэта можна сказаць дакладна. Усё астатняе залежыць ад шмат якіх чыннікаў, у тым ліку ад здароўя самога Лукашэнкі».

Самая першая інаўгурацыя Лукашэнкі прайшла 20 ліпеня 1994 года ў Авальнай зале Дому ўраду. Лукашэнка прамаўляў клятву пад бел-чырвона-белым сцягам і гербам Пагоня.

Трэцяя інаўгурацыя Лукашэнкі адбылася 8-га красавіка 2006 года – пасля першай Плошчы пратэсту. Яшчэ напярэдадні выбараў кіраўнік краіны правёў рэферэндум, які дазволіў яму балатавацца на прэзідэнта неабмежаваную колькасць разоў.

ВАЛЕРЫЙ КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТЫЧНЫ АГЛЯДАЛЬНІК:

«Патрэбна, каб народ выказаў нежаданне жыць у гэтай сістэме. А мы пакуль бачым, што эканамічны крызіс пакуль не перарос у сацыяльны. І таму казаць, як доўга яна будзе працягвацца, не прадстаўляецца магчымым».

Але найбольш запамінальнаю сталася інаўгурацыя ў студзені 2011 года, якая прайшла ў атмасферы страху і апатыі пасля жорсткай расправы над людзьмі падчас Плошчы. У дзень узыходу на пасаду кіраўніка краіны вуліцы Менску былі абсалютна пустыя, Лукашэнка ж выглядаў не вельмі здаровым.

У дзень інаўгурацыі «Белсат» запытаўся ў жыхароў Менску, ці варта кожныя пяць гадоў ладзіць цырымонію.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:

«Трэба аб’яўляць манархію, праводзіць каранацыю і прымаць гаспадара».
«Ну, можа Колю рыхтуе, хто яго ведае? Час пакажа».
«Гэтай краіне не трэба ні выбараў, ні інаўгурацыі, ні парламент, ні ўсе астатнія гэтыя бескарысныя людзі».
«Інаўгурацыя – гэта нармальная еўрапейская традыцыя. Яна павінна быць. Каранацыя? Спачатку хай Пуціна карануюць».

Падчас сённяшняй інаўгурацыі папулісцкі выступ Лукашэнкі не стаў выключэннем.

Лукашэнка : «Можа нехта сумняецца, ці таго выбралі. Вы прагаласавалі правільна».

Пры гэтым нанова абраны кіраўнік Беларусі назваў нашую краіну кавалкам зямлі ды папрасіў беларусаў не крыўдаваць на яго. А яшчэ заклікаў тых, хто не без граху, азірнуцца і паглядзець у першую чаргу на сябе саміх.

Віталь Бабін, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары