Пяскоў: Пуцін не размаўляў з Элтанам Джонам пра сексменшасці


Прэсавы сакратар прэзідэнта Расеі зняпраўдзіў факт размовы расейскага лідара з эпатажным брытанскім спеваком.

«У Пуціна не было размовы з Элтанам Джонам, а галоўнае, што мы не атрымлівалі ад яго якіх-небудзь прапаноў аб сустрэчы. Тое, што было агучана ў СМІ, я не ведаю, наколькі гэта аўтэнтычна. Аднак у выпадку ягонага звароту спадар Пуцін гатовы з ім сустрэцца, каб абмеркаваць сітуацыю з правамі чалавека», – перадае словы Пяскова «Інтэрфакс».

Раней у панядзелак у афіцыйным Instagramе брытанскага музыкі з’явілася фота Пуціна з подпісам: «Дзякуй прэзідэнту Пуціну за тое, што патэлефанаваў мне сёння. Я з нецярпеннем чакаю магчымасці абмеркаваць з ім правы ЛГБТ пры асабістай сустрэчы».

Нягледзячы на тое, што Пяскоў зняпраўджвае факт размовы, прадстаўніца артыста Фрэн Кёртыз пацвердзіла «BuzzFeed», што Пуцін яму тэлефанаваў.

Расейскі закон «аб забароне прапаганды гомасексуалізму сярод няпоўнагадовых», прыняты ў Санкт-Пецярбургу, лічыцца дыскрымінацыйным у дачыненні да сексуальных меншасцяў і жорстка крытыкуецца з боку Захаду і праваабаронцаў.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў