Пяцігадовы сын эмігрантаў у Брытаніі здаў іспыт для праграмістаў


Аян Курэшы (Ayan Qureshi) з брытанскага гораду Ковэнтры стаў самым маладым праграмістам у свеце.

 Хлопчык прайшоў тэст кампаніі Microsoft за месяц да свайго шасцігоддзя. Такі экзамен звычайна здаюць на курсах IT-спецыялістаў. Гэта першы этап для дарослых, якія хочуць стаць праграмістамі або сістэмнымі аналітыкамі.

Калі Аян зарэгістраваўся ў якасці кандыдата на здачу іспыту, выкладчыкі не маглі паверыць, што яму ўсяго пяць гадоў. Аднак бацька хлопчыка запэўніў іх, што Аян разумее, што робіць.

 Спадар Асім сам працуе ў сферы праграмавання, навучыў сына карыстацца камп’ютарам, калі таму было тры гады. Бацька паказаў яму, як разабраць старыя камп’ютары і патлумачыў прызначэнне жорсткага дыска ды мікрапрацэсараў. Аказалася, што ў хлопчыка выдатная памяць. «Самым складаным было растлумачыць яму мову, на якой фармулююцца пытанні экзамену. Але ён хутка ёю авалодаў», – распавёў Асім Курэшы карэспандэнту «Бі-бі-сі».

Юны Курэшы стварыў хатнюю камп’ютарную сетку ў сваёй хатняй лабараторыі. У ёй ён праводзіць прыблізна дзве гадзіны на дзень, разбіраецца ў сакрэтах аперацыйных сістэмаў і вучыцца ўсталёўваць праграмы.

Сям’я Курэшы пераехала ў Вялікую Брытанію з Пакістану ў 2009 годзе. Маці Аяна Мамун вучыцца на лекара. А самы малады праграміст у свеце марыць заснаваць уласную фірму і стварыць на новай радзіме нешта кшталту Сіліконавай даліны.

 АК, belsat.eu, паводле bbc.co.uk

Стужка навінаў